Бабруйская крэпасць
Апісанне
Бабруйская крэпасць - помнік фартыфікацыйнага мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя. Яна была ўзведзена на тэрыторыі старога горада Бабруйска для абароны заходніх межаў Расійскай імперыі па праекце і пад кіраўніцтвам інжынера Карла Опермана. На працягу ўсёй сваёй гісторыі крэпасць выкарыстоўвалася як ваенны аб”ект. Доўгачасовыя абарончыя пабудовы былі зроблены з цэглы, мелі скляпеністыя перакрыцці і байніцы.
У 1810 годзе адносіны паміж Францыяй і Расіяй пачалі пагаршацца. Перспектыва вайны з кожным месяцам здавалася ўсё больш непазбежнай. Тады Аляксандр I - імператар і самадзержац Усерасійскі прымае рашэнне пачаць працэс ўзбраення краіны - у прыватнасці, заходніх межаў. Ваеннае міністэрства камандзіруе інжынераў ў розныя губерні Расійскай імперыі для пошуку месцаў, найбольш зручных для размяшчэньня абарончых умацаванняў. Інжынер-парутчык Тэадор Нарбут прапанаваў пабудаваць крэпасць на тэрыторыі Бабруйска. У канцы чэрвеня 1810 імператар Аляксандр I зацвердзіў план Бабруйскай крэпасці: пад ўмацаванне адыходзіла ўся тэрыторыя, на якой гістарычна склаўся горад на беразе Бярэзіны, мясцовыя жыхары атрымлівалі вольную зямлю вакол крэпасці, дзе былі запраектаваны форштадты.
Аднак ёсць гісторыкі, якія звязваюць з”яўленне абарончага ўмацавання ў Бабруйску з імем Кацярыны II. Яны лічаць, што, здзяйсняючы паездку па беларускіх землях, імператрыца адзначыла зручнае размяшчэнне Бабруйска і вырашыла стварыць у горадзе перавалачную базу для рускай арміі.
Афіцыйнай датай залажэння Бабруйскай крэпасці лічыцца 4 чэрвеня 1810. Пры яе будаўніцтве максімальна выкарыстоўваліся старадаўнія каменныя будынкi Бабруйска. Работы вяліся інтэнсіўна. Тут былі насыпаны валы, пабудаваны 8 бастыёнаў, зроблены земляныя ўмацаванні, а таксама збудавана частка ўнутраных забудоў. У выніку да канца 1811 усе фарты крэпасці валодалі вялікай абарончай сілай. Абарончае ўмацаванне ў Бабруйску лічылася адным з лепшых у той час. Да пачатку вайны 1812 года на ўзбраенне крэпасці было пастаўлена каля 300 гармат. Размешчаны ў ёй гарнізон налічваў каля 4 тысяч чалавек. Крэпасць стала важным апорным пунктам рускай арміі на шляху паўднёвага флангу напалеонаўскіх войскаў. У пачатку вайны 1812 года яна дапамагла 2-й Заходняй арміі Пятра Баграціёна злучыцца з 1-й арміяй пад камандаваннем Барклая дэ Толі, якая знаходзілася ў Смаленску. Тут ваенныя змаглі папоўніць свае запасы харчавання, атрымаць дапамогу, пакінуць хворых і параненых.
Пасля вайны будаўніцтва крэпасці працягнулася. Павялічылася яе тэрыторыя, з”явіліся дадатковыя ўмацаванні, а таксама прамыя вуліцы і бульвары. Архітэктарам новых будынкаў крэпасці стаў А. Штауберт, які прытрымлiваўся традыцый класіцызму. Тут з”явіўся архітэктурны ансамбль Саборнай плошчы з домам каменданта, будынкамі штаба, шпіталя і саборам Аляксандра Неўскага.
Лёс Бабруйскай крэпасці цесна звязаны з дзекабрыстамі. Тут была раскватаравана 9-я пяхотная дывізія, сярод афіцэраў якой былі члены таемных таварыстваў. Менавіта ў крэпасці быў распрацаваны «Бабруйскі план» збройнага паўстання, які прадугледжваў арышт імператара Аляксандра I падчас агляду войскаў. Пасля падаўлення снежаньскага паўстання на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу тут адбывалі пакаранне В.Дзiваў, М.Бадзiска, С.Трусаў, В.Нораў і інш.
Пачынаючы з 1886 года, крэпасць патроху пачынае губляць сваё стратэгічнае значэнне і ў выніку ператвараецца ў склад.
У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі арганізавалі ў крэпасці буйны канцэнтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных.
У 2002 годзе помнік гісторыі і архітэктуры «Бабруйская крэпасць» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, аднесены да каштоўнасцяў, якія маюць рэспубліканскае значэнне.