Гісторыя развіцця
Як мястэчка Смаргонь упершыню згадваецца ў 1503 г.. На працягу сваёй пяцівекавой гісторыі Смаргонь прыналежала Зяновічам, Радзівілам, Пшэздзецкім. У 1503 г. тут пабудавалі драўляны касцёл Святых Міхаіла і Аляксея, аднак ужо ў 1552 г. на месцы касцёла пабудавалі каменны кальвінскі сабор. У 1590 г. ў мястэчку пачалі працаваць папяровая мануфактура, школа і лякарня. На лістах смаргоньскай папяровай фабрыкі прастаўляўся вадзяны знак у выглядзе герба роду Зяновічаў - «Дэспат». Пры Зяновічах Смаргонь была невялікім мястэчкам зблізку іх рэзідэнцыі.
У выніку вяселля Ганны Соф'і Зяновіч з Альбрэхтам Уладзіславам Радзівілам у 1628 г. Смаргонь амаль на 170 гадоў перайшла ў валоданне роду Радзівілаў. Новыя ўладальнікі заснавалі ў мястэчку школу дрэсіроўкі мядзведзяў «Смаргоньскую мядзведжую акадэмію». Асаблівую вядомасць яна атрымала пры Карале Станіславе Радзівіле. Акадэмія праіснавала да канца ХVII ст, а па іншых крыніцах - да пачатку ХIХ ст. У перыяд кіравання Радзівілаў Смаргонь перанесла некалькі разбуральных варожых нашэсцяў. Падчас Паўночнай вайны у мястэчку змесцаваў сваю галоўную стаўку Карл XII, у якой прымаў польскага караля Станіслава Ляшчынскага і амбасадараў украінскага гетмана Мазэпы. Да канца кіравання Радзівілаў Смаргонь працягвала заставацца невялікім мястэчкам, забудаваным драўлянымі хатамі, з двума касцёламі, царквой і сінагогай.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы паспалітай Смаргонь апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Пры адступе французскіх войскаў у Смаргоні Напалеон Банапарт перадаў камандаванне войскамі маршалу Мюрату і адбыў у Парыж, з тых часоў дарогу Смаргонь - Ашмяна завуць Напалеонаўскай дарогай. Традыцыйна Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. У XVII-XIX стст. вялікі распаўсюд у Смаргоні атрымала вытворчасць абаранкаў («смарганак»), а ў XIX ст. мясцовая прадукцыя атрымала шырокую вядомасць у Беларусі і за яе межамі. У 1842 г. Смаргонь перайшла ў дзяржаўную ўласнасць. Да канца XIX ст. мястэчка стала буйным цэнтрам гарбарнай і абутковай прамысловасці. У 1873 г. праз Смаргонь прайшоў участак Лібава-Роменскай чыгункі.
6 ліпеня 1904 г. Смаргонь атрымала статус горада. У часы Першай сусветнай вайны ў 1915-1918 г. горад знаходзіўся на лініі расійска-нямецкага фронта, у выніку чаго яго практычна цалкам разбурылі. 1 студзеня 1919 г. Смаргонь увайшла ў склад БССР. У 1920 г. Смаргонь апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а ў 1922 г. - міжваеннай Польскай Рэспублікі. У верасні 1939 г. Смаргонь увайшла зноў у склад БССР, дзе ў 1940 г. стала цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 г. горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Турыстычны патэнцыял
Наведванне Смаргоні надоўга запомніцца гасцям горада - мноства гісторый і легенд, славутасці і старыя помнікі не пакінуць нікога абыякавым.
Візітнай карткай горада з'яўляецца касцёл Святога Міхаіла Арханёла (XVI ст.), былы кальвінскі сабор, помнік архітэктуры рэнесансу. Пад касцёлам знаходзіцца падзямелле, якое з'яўляецца магільным склепам сям'і Зяновічаў. У 1621 г. будынак перадалі католікам. У 1866 г. расійскія ўлады перарабілі касцёл у царкву. У 1921 г. будынак ізноў перадалі каталікам. У 1947 г. савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1990 г. будынак вярнулі католікам. У наш час пры касцёле дзейнічае Хрысціянскі адукацыйны цэнтр.
Другой важнай славутасцю горада Смаргонь з'яўляецца Спаса-Праабражэнскі праваслаўны сабор. Дадзены храм быў пабудаваны зусім нядаўна - напачатку XXI ст., на месцы дзе і раней размяшчаліся праваслаўныя святыні.
У Смаргоні існуе сад камянёў, які складаецца з 9 незвычайных скульптур, таксама ў горадзе можна ўбачыць помнік Францішку Багушэвічу, знакамітаму беларускаму пісьменніку.
У 2014 г. да стагоддзя з пачатку Першай сусветнай вайны ў горадзе Смаргонь адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Выбар месца для мемарыяльнага комплексу не выпадковы. Смаргонь – знакавае месца ў гісторыі Першай сусветнай. Абарона горада падоўжылася 810 дзён і за гэты час амаль усё насельніцтва Смаргоні - каля 16 тысяч чалавек - стала ўцекачамі, а вярнуліся ў «мёртвы горад» толькі 130 чалавек.
На адной з цэнтральных алей парку ў Смаргоні ўсталявана скульптурная кампазіцыя, прысвечаная дрэсіравальнай «Мядзведжай акадэміі» Радзівілаў. Школа, дзе былі пабудаваны спецыяльныя манежы, знаходзілася непадалёк ад Смаргоні, на месцы цяперашняй раённай лякарні.
Пазнаёміцца з культурай і гісторыяй краю можна ў Смаргоньскім гісторыка-краязнаўчым музеі.