Аршанская царква Святога Іллі
Апісанне
Царква святога прарока Іллі - помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1880 г. (на месцы царквы 1460 г.), на левым беразе Дняпра. Тэрыторыя царквы абнесена мураванай агароджай, куты якой умацаваныя контрфорсамі, дэкаратыўнымі вежачкамі. З боку вул. 2-й Лагернай манументальная брама. Храм падоўжна-восевай чатырохчастковай кампазіцыі: званіца, кароткая трапезная, кубападобны асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, пяцігранная апсіда з нізкімі рызніцамі. Асноўны аб’ём накрыты шатровым дахам з поясам какошнікаў па перыметры і васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам у завяршэнні. Такой жа формы купалкі на стройных шыйках завяршаюць трох’ярусную шатровую званіцу і дах апсіды. Размешчаныя ярусна як і рознавялікія аб’ёмы царквы, яны надаюць кампазіцыі вертыкальную дынамічнасць. Фасады насычаныя актыўнай пластыкай, запазычанай у старажытнарускім дойлідстве: какошнікі, кілепадобныя і арачныя з вытанчанымі калонкамі ліштвы адзінарных прастакутных і строеных арачных праёмаў, філёнгавыя вуглавыя лапаткі і фрызы. Зала перакрытая паўсферычным купалам. Драўляны разны іканастас мае царскія вароты высокамастацкай работы ў стылі ракако.
На мапе
Адрас
Рэспубліка Беларусь, Віцебская вобласць, горад Орша
Каардынаты