Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
музеі
Апісанне
Тып
Літаратурны
Размяшчэнне
Музей Якуба Коласа з'яўляецца адным з вядучых культурных цэнтраў, дзе зберагаецца гісторыя жыцця і творчасці аднаго са стваральнікаў беларускай мовы і літаратуры. Ён размешчаны ў доме, дзе жыў сусветна вядомы Якуб Колас з 1945 па 1956 год. Статус адзінага мемарыяльнага музея-сядзібы ў Мінску вызначае яго ўнікальнасць сярод іншых літаратурных музеяў сталіцы. Музей, асноўны фонд якога складае 32240 адзінак, захоўвае асабістыя рэчы паэта і яго сям'і, кнігі, рукапісы, дакументы, мастацкія работы, якія ўвекавечваюць вобраз народнага паэта і герояў яго твораў. Музей заснаваны 16 жніўня 1956 года, а стаў адчынены для наведвання 4 снежня 1959 года. На малой радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці працуе філіял "Мікалаеўшчына", які аб'ядноўвае мемарыяльныя сядзібы Ласток, Альбуць і Смольня. Распрацаваны шэраг аглядных і тэматычных экскурсій па экспазіцыі музея і сядзібах філіяла, праводзяцца тэатралізаваныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, выставы, творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі, літаратурна-музычныя святы. Вядомасцю карыстаецца навуковая канферэнцыя па творам знакамітага пісьменніка.
Штогод у музеі падчас святкавання дня нараджэння народнага паэта праводзіцца навуковая канферэнцыя "Каласовіны", якая атрымала статус міжнароднай - прымаюць удзел не толькі беларускія навукоўцы-коласаведы, але і даследчыкі з Расіі, Украіны, Літвы. Па выніках канферэнцыі музей выдае зборнікі навуковых дакладаў удзельнікаў. Супрацоўнікі прымаюць удзел у канферэнцыях, якія праводзяцца іншымі музеямі і рознымі ўстановамі навукі і культуры.
Супрацоўнікамі музея рыхтуюцца матэрыялы для выдання буклетаў па музеі і філіялу, навуковых даведак для энцыклапедый, перыядычных выданняў, розных арганізацый, а таксама для фізічных асоб (па меры паступлення заявак). Штогод арганізуецца і праводзіцца звыш 30 выстаў у музеі і іншых установах з фондаў музея і прыватных калекцый, сумесных выстаў з іншымі музеямі не толькі нашай краіны, але і краін блізкага і далёкага замежжа (Расія, Украіна, Літва, Польшча, Балгарыя). Грунтоўная праца праводзіцца для папаўнення Дзяржаўнага музейнага каталога Рэспублікі Беларусь.
Графік працы
Адміністрацыя 10:00 - 17:00 выхадныя нядзеля
Каса 10:00 - 17:00 выхадныя нядзеля
Экспазіцыі 10:00 - 17:30 выхадныя нядзеля