Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны»
музеі
Апісанне
Тып
Літаратурны
Размяшчэнне
Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны” заснаваны ў 1990 годзе. У
кожнага чалавека ёсць мясціна, якая яго ачышчае, выгойвае і мацуе. У першую
чаргу – гэта месца, дзе чалавек нарадзіўся. Але для ўсіх беларусаў роднымі
з’яўляюцца і Кушляны Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Бо менавіта
Кушляны далі моц Францішку Багушэвічу, а ён умацаваў наша з вамі агульнае імя –
"беларусы" і абудзіў наш сапраўдны голас і годнасць роднай мовы. З паэтычных
зборнікаў Багушэвіча "Дудкі беларускай" і "Смыка беларускага" пачалося
нацыянальнае адраджэнне беларусаў і аднаўленне ў новым часе беларускай
дзяржаўнасці.
Гэта Францішак Багушэвіч ва ўмовах рабства і беззаконня ўзгадаваў у сабе волю і
пачуццё свабоднага чалавека і праз паэзію стаў ратаваць з рабства ўвесь
беларускі народ.
З 1990 года ў Кушлянах адчынены Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба
Ф.Багушэвіча. Захавалася хата паэта 1896 году пабудовы і каменная абора. Сам
маёнтак Багушэвічы набылі аж у 1749 годзе і да 1940 году яго карысталі.
Захаваўся стары парк на сядзібе. Ёсць у ім дрэвы з XVIII ст. і з XIX ст. Сядзіба
і сёння дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX ст. А
пахадзіўшы па сцежках і алеях, – адчуць сябе свабодным шляхціцам ці шляхцянкай з
высокім пачуццём патрыятызму і годнасці.
У хаце экспануюцца рэчы, якія праменяць Багушэвічавай энергетыкай: пісьмовы
стол, крэслы, рукапісы... Не так даўно належнае месца занялі і родавыя медальёны
сям’і Багушэвічаў, гісторыя якіх сягае аж у XVIII ст. У медальёнах да энергетыкі
Багушэвічаў далучаецца і моц часцінкаў мошчаў святых, якія прывезены
Багушэвічамі з месцаў паломніцтва ў розныя часы. Гэтыя медальёны ахоўвалі род
Багушэвічаў на працягу стагоддзяў ад хваробаў і няшчасцяў. А сягоння гэтыя
сакральныя рэчы гояць душэўныя раны тым, хто прыйшоў у хату засведчыць сваю
пашану і гонар славутаму суайчынніку; тым, хто сілы і талент свой аддае дзеля
Бацькаўшчыны.
У каменнай аборы месціцца выстава прылад працы і прадметаў побыту беларускага
сялянства канца XIX ст. – пачатку XX ст. Непадалёку ад сядзібы наведвальнікаў сустракае Лысая гара, дзе, па легендах,
некалі існавала языцкае капішча. Лысая гара кліча нас на адказную размову з
душамі Дзядоў, якія, па нашых міфах, і жывуць на Лысых гарах і нас ахоўваюць і
апякуюцца. Тут, у лясной цішыні на вяршыні гары адыходзяць ад нас мітусня і тлум;
бегатня навыперадкі за карысцямі; Дзяды паказваюць нам наш сапраўдны набытак,
нашу сапраўдную сутнасць. За гэта патрабуюць толькі адной платы – шанавання мовы
і зямлі, якую мы прынялі ў спадчыну; моцы духу, каб гэта захоўваць і перадаць
сваім нашчадкам.
Графік працы
Адміністрацыя 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак, аўторак
Каса 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак, аўторак
Экспазіцыі 10:00 - 17:00 выхадныя панядзелак, аўторак
На мапе
Адрас
231032,Рэспубліка Беларусь, Гродзенская вобл., Смаргонскі раён, в. Кушляны
Каардынаты