Гісторыя развіцця
У пісьмовых крыніцах Гарадок упершыню згадваецца ў другой палове XIII ст. у сувязі з бітвай паміж палачанамі і літоўскімі войскамі пад кіраўніцтвам князя Мінгайлы. У 1613 г. на карце Тамаша Макоўскага, выдадзенай у Амстэрдаме, Гарадок адзначаны як мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім. У выніку Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. Паводле статыстычных даных у 1887 г. у горадзе налічвалася больш за два дзесяткі прамысловых і рамесных прадпрыемстваў, бальніца, царкоўна-прыходскае вучылішча, рамесная школа. Колькасць насельніцтва горада складала каля 5000 чалавек, 3500 з якіх былі габрэямі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1919 г. Гарадок увайшоў у склад РСФСР. Пазней, у 1924 г. быў далучаны ў БССР і стаў цэнтрам раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны, у перыяд з 9 ліпеня 1941 г. па 24 снежня 1943 г. горад быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ад гітлераўцаў Гарадок быў вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту падчас Гарадоцкай наступальнай аперацыі.
Сёння Гарадок - гэта невялікі раённы цэнтр, у якім функцыянуе пяць прамысловых прадпрыемстваў, некалькі ўстаноў адукацыі і культуры, выходзіць раённая газета «Гарадоцкі веснік».
Турыстычны патэнцыял
Наведаць Гарадок можна па дарозе ў Віцебск або падчас адпачынку ў турыстычным комплексе Ласвіда. У горадзе маецца раённы краязнаўчы музей, экспазіцыя якога складаецца з некалькіх раздзелаў, якія распавядаюць пра гісторыю краю, побыт мясцовых жыхароў і прыроднае багацце раёна.