Гісторыя развіцця
Датай заснавання Пінска лічыцца 5 лістапада 1097 г., калі горад быў упершыню згаданы ў Іпацьеўскім летапісе. Да сярэдзіны ХІІ ст. Пінск уваходзіў у склад Тураўскага княства, але дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу на гандлёвым шляху горад хутка рос і развіваўся і неўзабаве стаў цэнтрам удзельнага Пінскага княства.
У ХIV ст. пры князі Гедыміне Пінскае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1521 г. пасля смерці апошняга пінскага князя Фёдара княства адышло вялікаму князю і польскаму каралю Жыгімонту І, які, у сваю чаргу, перадаў землі сваёй жонцы каралеве Боне Сфорца.
Пасля падпісання Люблінскай уніі у 1569 г. Пінск увайшоў у склад Рэчы Паспалітай, пры гэтым Пінскія і Берасцейскія зямлі склалі Брэст-Літоўскае ваяводства, а Пінск стаў цэнтрам павета.
У 1581 г. горад атрымаў Магдэбургскае права і герб; у горадзе з'явілася ратуша.
У 1793 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Пінскія землі былі аддадзены Расійскай Імперыі і ўвайшлі ў склад Мінскай губерні. У 1822 г. праз Пінск прайшла ветка Палескіх чыгунак. Пінск стаў значным гандлёва-рамесным цэнтрам Палесся.
За сваю гісторыю Пінск неаднаразова спасцігалі разбурэнні і спусташэнні ў выніку шматлікіх войнаў: ён памятае набегі чужаземным князёў, антыфеадальную вызваленчую вайну 1648-1654 гадоў, руска-польскую вайну 1654 - 1667 гадоў, нашэсце шведаў (1706 г.) і французаў (1812 г.), акупацыю нямецкімі войскамі падчас Першай сусветнай вайны (1915 г.).
У канцы 1917 г. Пінск увайшоў у склад Украінскай Народнай Рэспублікі. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе землі Заходняй Беларусі, у тым ліку і Пінск, адышлі да Польшчы. Пінск увайшоў у склад Палескага ваяводства ў якасці павятовага горада.
У пачатку верасня 1939 г. нямецкія войскі напалі на Польшчу і пачалася Другая сусветная вайна. А ўжо 20 верасня 1939 г. Пінск занялі часткі Чырвонай Арміі і горад быў далучаны да БССР. У 1940 г. Пінск стаў абласным цэнтрам.
З 4 ліпеня 1941 г. па 14 ліпеня 1944 г. Пінск быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вялікая Айчынная вайна нанесла гораду вялікія страты: было знішчана больш за 60 тыс. мірных жыхароў Пінска і ваеннапалонных, разбураныя шматлікія будынкі, вывезена абсталяванне.
Сёння Пінск - гэта горад з развітой прамысловасцю і сацыяльнай сферай.
Турыстычны патэнцыял
Па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры Пінск з'яўляецца адным з самых унікальных гарадоў Беларусі. Па некаторых ацэнках ён займае другое месца па гэтым паказчыку пасля Гродна. Усяго ў горадзе налічваецца 186 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага і рэгіянальнага значэння.
На працягу дзевяці стагоддзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і культавыя пабудовы, пры будаўніцтве якіх захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідства, а таксама ўжываліся дасягненні еўрапейскіх архітэктараў. Аднак шматлікія войны прывялі да знікнення вялікай часткі культурнай спадчыны горада.
Тым не менш у Пінску захавалася частка яго старадаўняй планіроўкі. Гістарычны цэнтр горада ўяўляе сабой помнік горадабудаўніцтва рэспубліканскага значэння. Асаблівае месца тут займаюць калегіум і два флігелі - адзіныя захаваўшыяся будынкі некалі велічнага ансамбля кляштара езуітаў, пабудаванага ў 1630-х - 1670-х гадах. Зараз у будынку калегіума знаходзіцца Музей Беларускага Палесся, а самы верхні паверх займае дзіцячая харэаграфічная школа. У музеі сабрана багатая калекцыя, але самым характэрным экспанатам з'яўляецца «дровар» - драўляны ровар, створаны ў 20-я гады мінулага стагоддзя ў адной з вёсак Пінскага раёна на замену дарагім жалезным роварам.
Пінск з даўніх часоў выконваў ролю духоўнага цэнтра Палесся, ён з'яўляецца цэнтрам праваслаўнай і каталіцкай епархій. Тут заўсёды было шмат манастыроў, цэркваў і касцёлаў, некаторыя з якіх захаваліся да нашых дзён. Асабліва трэба адзначыць манастыр францысканцаў, размешчаны на беразе Піны недалёка ад езуіцкага калегіума. Комплекс манастыра займае цэлы квартал горада і ўключае касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, чатырох'ярусную званіцу, жылыя карпусы. Сёння карпусы займае Пінская духоўная семінарыя - асноўная каталіцкія навучальная ўстанова Беларусі. Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі - кафедральны, гэта галоўны храм Пінскай епархіі, у якую ўваходзяць Брэсцкая і Гомельская вобласці. Акрамя гэтага касцёл мае статус Малой базілікі, які прысвойваецца Рымскім Папам. Таксама з касцёлам Ушэсця Дзевы Марыі звязана імя першага і на дадзены момант адзінага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка.
Акрамя ўжо названых можна згадаць і іншыя культавыя збудаванні: касцёл Святога Карла Барамея (1782 года), праваслаўны кафедральны сабор Святой Барбары, дзеючы праваслаўны манастыр, храм Уваскрасення Славушчага, Свята-Федароўскі сабор і іншыя.
Сярод помнікаў свецкай архітэктуры найбольш яркім з'яўляецца палац гарадскога суддзі Матэуша Бутрымовіча, пабудаваны у 1790 г. За сваю гісторыю палац змяніў шмат гаспадароў - Бутрымовічы, Орды, Скірмунты; пазней тут размяшчаліся дом біскупа, кінатэатр, дом піянераў. У цяперашні час у будынку размешчаны гарадскі ЗАГС.
Таксама ў Пінску захавалася шмат архітэктурных помнікаў, якія адносяцца да радавой гарадской забудовы: адміністрацыйныя і жылыя будынкі, сінагогі, сядзібныя дамы і іншыя. Вялікую цікавасць выклікаюць памятныя мясціны, звязаныя з імёнамі дзеячаў нацыянальнай культуры (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Францыск Багушэвіч, Напалеон Орда і іншыя), пра што сведчаць помнікі і мемарыяльныя знакі.
Асаблівы каларыт абліччу горада надае яго размяшчэнне ўздоўж ракі Піны ў месцы яе зліцця з Прыпяццю - усе славутасці расцягнуліся ўздоўж ракі, нібы ў люстэрку адлюстроўваючыся ў яе вадзе і ствараючы неапісальную жывапісную карціну. Набярэжная добра добраўпарадкавана, тут ёсць парк, дзе летам працуюць атракцыёны і спартыўныя пляцоўкі. А па рацэ можна здзейсніць прагулку на цеплаходзе, які адпраўляецца ад плавучага рачнога вакзала, які з'яўляецца помнікам палескага драўлянага дойлідства. Таксама праз рачны вакзал праходзіць круізны цеплаход «Белая Русь», на якім можна здзейсніць падарожжа з Мазыра ў Брэст.
Разнастайнае і культурнае жыццё горада. Пінск прымае розныя рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя фестывалі, сярод якіх фестываль фальклору «Палескі карагод», фестываль самадзейнай творчасці «Зори над Пиной», Еўразійскі міжнародны фестываль культур, фестываль сучаснага танца «MOVING UP», фестываль духавых аркестраў «Палескія фанфары», конкурс народнай творчасці «Таленты Палесся» і іншыя. У 2019 годзе Пінск абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі.