Гісторыя прадпрыемства ідзе каранямі ў XIX стагоддзе. За час свайго існавання завод выпусціў розныя гатункі піва, змяніў шмат назваў і ўладальнікаў, але прадукцыя заводу заўсёды заставалася на найвысокім узроўні і знаходзіла масу пакупнікоў.
Пачатак дзейнасці заводу быў пакладзены ў 1864 годзе, калі мінская мяшчанка Рохля Фрумкіна адкрыла драўляны бровар на скрыжаванні вуліц Аляксандраўская і Загарадная на падставе рашэння Мінскага губернскага кіравання.
У 1894 годзе новы ўладальнік граф Чапскі пабудаваў каменны піваварны завод, гасцініцу і іншыя адміністрацыйныя будынкі. Піва выпускалася па нямецкай рэцэптуры. Граф займаў пасаду Мінскага гарадскога главы і зрабіў для горада шмат добрага: садзейнічаў канчатку будаўніцтва цяперашняга Купалаўскага тэатра, пабудаваў першы ў Мінску ламбард і першую на тэрыторыі Беларусі тэлефонную станцыю агульнага карыстання, заснаваў Марыінскую жаночую гімназію і Мінскае рамеснае крэдытнае таварыства, а таксама арганізаваў у горадзе конны трамвай – конку. У 1896 пад кіраўніцтвам Чапскага піўзавод атрымаў першы медаль і пахвальную грамату на Ўсерасійскім мастацкім кірмашы ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Завод пераходзіць у валоданне аўстрыйскім купцам братам Лэкертам, якія выраблялі піва аж да 1917 гады. Яны валодалі 4 чыгуначнымі вагонамі-леднікамі для перавозкі піва ў Вільнюс, Беласток, Брэст, Гродна, Бабруйск. У скляпах заводу выявілі бутэлькі таго часу. Маркіроўка дадзеных бутэлек уяўляла сабою шкляны штамп, нанесены на бутэльку, які ўтрымоўваў назву прадукта, інфармацыю пра ўладальніка і адрас прадпрыемства. У часы кіравання братоў Лэкертаў адбыліся змены і ў афармленні бутэлек: адначасова са шклянымі штампамі сталі выкарыстоўваць папяровыя этыкеткі авальнай формы, на якіх быў намаляваны арол, які нясе ў кіпцюрах бочку. Гэты гандлёвы знак у савецкі час не выкарыстоўваўся, і толькі напачатку 90–х гадоў ХХ стагоддзя ён ізноў заняў сваё месца.
У 1917 годзе завод быў нацыяналізаваны і стаў дзяржаўным прадпрыемствам пад назвай Піўзавод «Беларусь». З пачаткам Вялікай айчыннай вайны праца на заводзе не спынялася. Штогод выраблялі тысячы дэкалітраў піва.
Апошнія дзесяцігоддзі савецкага перыяду для заводу былі вельмі цяжкімі. Планам развіцця Мінпрадпрама БССР прадугледжвалася яго зачыненне: ні абсталяванне, ні тэхналогіі не абнаўляліся. Знос асноўных фондаў перавышаў 90%. Тым не менш, калектыў прыняў адзіна магчымае рашэнне для захавання калектыва і лепшых традыцый беларускага піваварства – пра акцыянаванне прадпрыемства.
У 1994 годзе заводу быў вернуты дарэвалюцыйны гандлёвы знак – арол, які нясе бочку. Лагатып дапоўніла дата заснавання заводу – 1864 год. З'явіліся новыя назвы гатункаў піва. Вялікая ўвага была нададзена распрацоўцы новага дызайну этыкеткі. У 1996 годзе пачалася глабальная рэканструкцыя вытворчасці – заменена і ўведзена ў эксплуатацыю сучаснае абсталяванне. Па выніках рэканструкцыі якасныя паказчыкі піва адказвалі ўсім патрабаванням Еўрапейскай піваварнай Канвенцыі, а таксама былі павялічаны магутнасці па вытворчасці піва. У 2007 годзе піва Аліварыя Экстра даказала права насіць званне піўнога чэмпіёна свету, перамогшы на чэмпіянаце ў Чыкага. У 2009 годзе піва Аліварыя Экстра стала адзіным беларускім півам, якое атрымала ўзнагароду за выдатны густ – 2 зоркі на конкурсе Superior Taste Award у Брусэлі, арганізаваным Міжнародным інстытутам густу і якасці. Праз год гэта піва зноў паўтарыла свой поспех на бельгійскім конкурсе, а таксама заваявала бронзу на міжнародным конкурсе ў Мельбурне. На дадзены момант завод вельмі годна прадстаўлены на беларускім і саюзным рынку піўной прадукцыі, а яго якасць кантралюецца 4-ой па велічыні ў свеце піваварнай кампаніяй Carlsberg Group.