Справа пры ўваходзе на тэрыторыю мемарыяла размешчаны невялікі чорны куб з інфармацыйным надпісам: «Эксперыментальная батарэя з сямі машын пад камандаваннем капітана І. Флёрава была ўпершыню задзейнічаная для нанясення ўдараў па чыгуначнай станцыі Орша і пераправе праз раку Аршыцу 14 ліпеня 1941 гада». На ўзвышшы злева ў лінію пастаўленыя васьміметровыя, імкліва нацэленыя ў вышыню жалезабетонныя элементы - рэйкі, якія сімвалізуюць пускавыя ўсталёўкі. У цэнтры самой высокай пляцоўкі комплексу, на пастаменце, размешчаны макет рэактыўнага мінамёта «Кацюша».
Орша ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай як горад, дзе адбыўся першы залп «Кацюшы». Ён доўжыўся 8 секунд, але гэтага хапіла, каб чыгуначная станцыя з нямецкімі эшалонамі была цалкам абхопленая полымем. Сіла выбухаў перагортвала нават паравозы, а 10-тонавыя нямецкія танкі шпурляла нібы цацачныя кубікі.