Помнік У.І. Леніну ў г. Віцебску
Апісанне
24 студзеня 1924 года на жалобным паседжанні гарадской Рады было прынята рашэнне аб збудаванні ў Віцебску помніка Леніну. Урачыстае адкрыццё помніка адбылося на плошчы Леніна 7 лістапада 1930 года. Гэта першы «вялікі» помнік Леніну ў Беларусі і адзін з першых у СССР. На невялікім пастаменце была ўсталявана адлітая са свінцу фігура правадыра з паднятай правай рукой. Пастамент служыў таксама і трыбунай падчас парадаў. У першыя дні акупацыі помнік быў падарваны. Са свінцовых аскепкаў нямецкія салдаты адлівалі шайбы для гульні ў хакей.
Новы помнік В. І. Леніну на плошчы Леніна ўсталяваны ў 1956 годзе. Яго стваральнікамі з'яўляюцца скульптары Г. Арапава, М. Аляксеенка і архітэктар П. Юрчанка. Вышынёй помнік 9 метраў, на пастаменце, абкладзеным паліраваным гранітам; на адной з пліт надпіс па-беларуску ”Ленін”.