У храме захоўваецца вобраз Божай Маці «Казанская», падораны ў 1656 годзе маскоўскім патрыярхам Ніканам ігумену Каліксту Рытарыйскаму. Абраз шануецца як цудатворны. Вобраз Божай Маці «Казанская», напісаны на дрэве ў візантыйскай манеры, даў новую назву Пакроўскай царкве, якая цяпер вядомая віцяблянам як Казанская або Казанска-Пакроўская.
Сучасны каменны храм быў узведзены як Пакроўскі (Пакрова Прасвятой Багародзіцы) у 1760 годзе пры ігумене Іякінфе (Гіяцынт) Пелкінскім. Таксама існуюць звесткі пра ўзвядзенне царквы ў 1775 ці 1780 гадах. У 1840-х гадах у храме быў адноўлены пазалочаны іканастас, купал і сцены распісаны фарбамі, наслана новая драўляная падлога. У траўні 1847 яна была асвечана архіепіскапам Полацкім і Віцебскім Васілём (Лужынскі). У храме дагэтуль вядуцца рамонтныя работы, аднак ён адкрыты для наведвальнікаў.