Царква Раства Багародзіцы пабудавана ў 1726. Уяўляе сабой трохнефавы двухвежавы храм, сцены дэкараваны пілястрамі, галоўны фасад завяршаецца трохвугольным франтонам. Цікава, што царква ўяўляе сабой не руска-візантыйскі крыжова-купальны храм і не крыжова-купальную трохнефавую базіліку, а цэнтрычна-крыжовы тып храма, што падкрэслівае памкненне уніяцкай царквы да раннехрысціянскіх вытокаў. Магутны купал храма размешчаны на сяродкрыжжы, але дзве іншыя вышынныя дамінанты размешчаны не традыцыйна, па баках ад галоўнага фасада, а над бакавымі крыламі крыжа, ствараючы кампазіцыйную вось поўдзень-поўнач і нейтралізуючы рэлігійна-ідэалагічнае супрацьстаянне паміж Усходам і Захадам.
Двухпавярховы будынак манастыра дабудавана да царквы ў сярэдзіне XVIII ст., мае галерэйную планіроўку. У XIX ст. да яго ўсходняга тарца прыбудавана капліца зальная тыпу.
Рэшткі Прачысценскай царквы выяўлены ў 1980 г. у час работ па рэстаўрацыі на тэрыторыі манастыра і знаходзяцца перад фасадам царквы Раства Багародзіцы. Царква пабудавана ў другой палове XII ст. з візантыйскай плінфы на вапне з дамешкам цамянкі. Царква ўяўляла сабой шасціслуповы храм з трыма прамавугольнымі апсідамі. Фасады былі не атынкаваны, апрацаваны кампазіцыямі з маёлікавых плітак і шліфаваных валуноў. У інтэр'еры выкарыстаны галаснікі, якія служылі рэзанатарамі і адначасова палягчалі канструкцыю пабудовы. У 1654 г. царква згарэла. На яе месцы былі пабудаваныя будынкі кляштара базыльянак.
Да цяперашняга часу захаваўся падмурак ад галоўнага фасада, фрагменты сцен вышынёй 0,5-1 м, у алтарнай апсідзе - рэшткі пастамента-сінтрона для крэслы мітрапаліта. Прачысценская царква - помнік гродзенскай школы дойлідства.
У 1839 кляштар быў скасаваны, у 1843 стаў праваслаўным. У 1977-92 гадах у храме размяшчаўся музей атэізму і рэлігіі. З 1992 г. тут дзейнічае праваслаўны Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр, у гэты ж год у манастыр вернуты міратачывы абраз Уладзімірскай Божай Маці. Пры кляштары працуе нядзельная школа.