У іканастасе сабора - цэлы шэраг выдатных абразоў маскоўскай акадэмічнай школы. Cамая каштоўная рэліквія - цудатворны абраз Маці Божай, названай Мінскай. Паводле падання, гэты вобраз быў напісаны самім евангелістам Лукой. Яна лічыцца заступніцай горада. Нездарма малюнак Маці Божай з'явіўся на гербе Мінска. У саборы ў спецыяльнай раке захоўваюцца мошчы блажэннай Сафіі Слуцкай, заступніцы праваслаўя на беларускіх землях. Над ракой знаходзіцца яе вобраз.
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя кафедральны сабор Святога Духа, былы касцёл бернардынак, з усіх бакоў атачалі старадаўнія кварталы. Рэканструкцыі пасляваенных дзесяцігоддзяў агалілі ўзгорак перад храмам. Нядаўна ён быў добраўпарадкаваны, тут з'явіліся назіральныя пляцоўкі і ліхтары насупраць сабора.