Адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка
Навіны Горада
17-Мая-2021
Гальшанскі замак - помнік палацава-паркавай архітэктуры першай паловы XVII стагоддзя, правобраз замка са знакамітага твора класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Замак быў моцна разбураны і доўгі час наведвальнікі маглі любавацца толькі яго руінамі. Але ў 2015 г. пачалася рэканструкцыя замка: часткова руіны закансерваваны, а ў паўночнай вежы і паўночна-ўсходнім корпусе вядуцца рэстаўрацыйныя працы.
На сённяшні дзень ужо гатовая і прымае турыстаў Паўночная вежа Гальшанскага замка, а прызамкавыя тэрыторыя добраўпарадкавана: на ёй з\'явілася ёмістая паркоўка, візіт-цэнтр, усталяваная сучасная сістэма вонкавага і ўнутранага асвятлення. Сам замак атрымаў новыя лесвіцы і аглядныя пляцоўкі, унутры вежы размясціўся музей.
Музейная экспазіцыя размясцілася на 4 паверхах вежы, кожны з якіх мае сваю канцэпцыю і музейнае напаўненне. У падвальным памяшканні ўсё авеяна містыкай і легендамі Ашмянскага краю, у інтэрактыўнай экспазіцыі - дасылкі да рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», барэльефы Белай Панны і Чорнага Манаха. На першым узроўні прадстаўлены знаходкі, здабытыя падчас археалагічных даследаванняў замка і наваколля ў розныя перыяды вывучэння. Шкляная падлога са спецыяльнай падсветкай адкрывае погляду гасцей россыпы залатых манет і іншых дароў таго часу. Другі ўзровень - гэта параднае памяшканне з велічным камінам, адноўленым па тэхналогіях XVII стагоддзя, элементамі мэблі, дэкаратыўным роспісам, барэльефамі уладальнікаў, а таксама зандажамі - аўтэнтычнымі цаглінамі высокай шчыльнасці з фірмовымі знакамі старажытнага роду Сапегаў. На трэцім узроўні можна паглядзець на макет замка ў разрэзе, пано з яго малюнкамі ў перыяд росквіту і заняпаду, партрэты яго ўладальнікаў. Тут абсталявана спецыяльная назіральная пляцоўка з тэлескопам, адкуль адкрываецца выдатны від на старажытныя Гальшаны і панараму Ашмянаў.
Разнастайнасць музейнай экспазіцыі дасць магчымасць праводзіць тут розныя па тэматыцы экскурсіі, уключаючы містычны кампанент і легенды замка, выкарыстоўваючы абноўленую касцюміраваную тэатралізацыю з персанажамі.
Наведванне музейнай экспазіцыі Паўночнай вежы можна сумясціць з наведваннем традыцыйнага фестывалю «Гальшанскі замак-2021», які адбудзецца каля сцен замка 22 траўня 2021 года.
Выслаць заяўку на арганізацыю экскурсіі Заслаўе-Крэва-Гальшаны для сваёй групы на любы дзень можна тут >>