У двух прасторных залах на першым паверсе будынка размясцілася музейная экспазіцыя пад агульнай назвай «Партрэт пісьменніка і чалавека». На другім паверсе музея знаходзіцца мастацкая галерэя для правядзення часовых выстаў.
Сёння ў экспазіцыі прадстаўлена больш за тысячу экспанатаў. Самыя каштоўныя з іх - асабістыя рэчы пісьменніка, рукапісы яго твораў, малюнкі Караткевіча-мастака. У архіве музея - цікавыя тэматычныя экскурсіі, музейныя заняткі, відэатэка фільмаў пра Караткевіча і фільмаў, знятых па яго сцэнарах.
Музей актыўна ўдзельнічае ў міжнародных выставачных праектах, супрацоўнічае з Японіяй, Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, Германіяй, Швецыяй. Традыцыйна на базе музея праходзяць Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Ўладзіміра Караткевіча.