З культурна-масавых мерапрыемстваў у музеі праводзяцца пастаянныя тэматычныя заняткі для школьнікаў, якія ўключаюць у сябе гульні, віктарыны, лекцыі з відэапрэзентацыі, дэманстрацыяй фільмаў. Штогод ў мае праходзіць міжнародная акцыя "Ноч музеяў", а ў чэрвені - свята для дзяцей «Юныя грамадзяне Светлага горада» з урачыстай лінейкай з узняццем сцяга, уручэннем памятных значкоў. Абавязковая прысутнасць на свяце ганаровых жыхароў горада, вайскоўцаў, прадстаўнікоў гарадской улады. Святочную атмасферу дапаўняюць канцэртныя нумары. Пры музеі працуе сувенірная крама.
Супрацоўнікі музея плануюць навукова-даследчую працу на аснове ўжо наяўнага матэрыялу, распрацоўваюць новыя формы і метады працы: вывучэнне калекцыі традыцыйнай жаночай і мужчынскай вопраткі (кашуля, фартух, штаны, андарак, галаўны ўбор) з фондаў Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея. Выданне буклета «Традыцыйны нарад Светлагоршчыны: крой, вышыўка, дэкаратыўныя швы»; вывучэнне навуковай спадчыны гісторыка і краязнаўца Сяргея Несцяровіча Прачу; аблічбоўка рукапіснага архіва, які захоўваецца ў фондах музея; пошук новых архіўных матэрыялаў; падрыхтоўка і правядзенне этнаграфічнай экспедыцыі з мэтай збору традыцыйных прадметаў побыту , адзення, тканін, прыладаў і прыстасаванняў. Паралельна са зборам прадметаў матэрыяльнай культуры вядзеца збор нематэрыяльнай культурнай спадчыны (в. Мармовічы, в, Карпавічы, в. Як.Слабада, в. Страковічы Светлагорскага р-на). Таксама вядзецца вывучэнне і ацэнка сучаснага абраду «Параскева», які праводзіцца ў в.Чыркавічы Светлагорскага р-на.
Заўвага: трэці ўторак месяца бясплатны дзень для наведвання пастаяннай экспазіцыі музея (для ўсіх катэгорый наведвальнікаў). Дадзенае не распаўсюджваецца на іншыя разавыя платныя паслугі музея (арганізацыя і правядзенне выставачнай дзейнасці, правядзенне музейных акцый і мерапрыемстваў).