Гісторыя развіцця
Мястэчка пад назвай Целяханы вядома яшчэ з XVI ст. як невялікая вёска Пінскага павета. Паводле легенды назва вёскі паходзіць ад словазлучэння «цела хана». Паводле падання ў перыяд масавага нашэсця татараў на беларускія землі ў мясцовых лясах і балотах загінуў хан, якога пахавалі пад Лысай гарой - магільным курганам, яки быў насыпаны татарамі.
У XVII-XVIII стст. Целяханы належалі спачатку князям Дольскім, пасля - Вішнявецкім, Агінскім, а з XIX ст. - Пуслоўскім. Эканамічнаму развіццю мястэчка спрыяла будаўніцтва Агінскага канала ў 1767-1783 гг., які злучаў Балтыйскае і Чорнае мора. У 1775-1778 гг. ўладальнік месца Міхаіл Казімір Агінскі заснаваў у Целяханах фаянсавую мануфактуру. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 г. Целяханы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.
Да канца XIX ст. у мястэчку пражывала паўтысячы чалавек, працавалі валасная управа, прыстань, бровар, два млыны, школа кандуктараў, пачатковая школа, бальніца, царква, касцёл, тры малітвенных дома, народнае вучылішча і паштовая станцыя. Дзейнічалі рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. У 1895 г. у Целяханах адкрыўся шкляны завод, на якім для вырабу шкла ўжываліся найноўшыя тэхнічныя дасягненні таго часу. Прадукцыя завода адрознівалася вялікай разнастайнасцю, высокай якасцю і мастацкім узроўнем. У Целяханах выраблялі аконнае і аптэчнае шкло, графіны, бутэлькі, чаркі, шклянкі, кварты, куфлі, піўныя гурткі.
Першая Сусветная вайна спыніла працу прадпрыемства. У 1915 г. германскія войскі акупавалі і спалілі пасёлак. На чатыры гады лінія фронту ўсталявалася ў Целяханах. З гэтых часоў у ваколіцах пасёлка захаваліся шматлікія абарончыя доты, пабудаваныя немцамі. Падчас вайны таксама пацярпеў і канал Агінскага - шлюзы былі спалены, а канал змялеў і быў разбураны. Восеню 1918 г. нямецкія войскі адступілі, а ў Целяханы прыйшлі палякі. У выніку Рыжскага мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Польшчай Целяханы, як частка Заходняй Беларусі, адышлі да Польшчы ў складзе якой знаходзіліся да пачатку Другой Сусветнай вайны (1939-1945 гг.). У перыяд, калі Целяханы знаходзіліся пад кіраваннем Польшчы мястэчка актыўна развівалася. У сценах былой гуты была адкрыта пільня, у 1926 г. быў перабудаваны і адноўлены Агінскі канал. Па канале хадзілі як пасажырскія суды, так і суды, якія перавозілі лес. У 1939 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) пасёлак быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У пасляваенныя гады пачалося актыўнае аднаўленне пасёлка. У 1944 г. у Целяханах адкрыўся знакаміты завод па вытворчасці лыжаў - адзіны ў Беларусі.
Турыстычны патэнцыял
З турыстычнага пункту гледжання Целяханы цікавыя тым, што ў пасёлку часткова захавалася ўнікальнае водна-тэхнічнае збудаванне - Агінскі канал. Сваю назву канал атрымаў у гонар ініцыятара яго стварэння Міхаіла Казіміра Агінскага - дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, уладальніка гэтых месцаў. Канал злучаў рэкі Ясельда і Шчара паміж сабой, тым самым злучаючы Балтыйскае мора з Чорным. Працягласць Агінскага канала складала 55 км. Водны шлях моцна пацярпеў як у Першую, так і Другую Сусветныя войны. У 1960-х гг. тыя шлюзы і плаціны Агінскага канала што засталіся былі ўзарваны. Да сённяшняга для канал не адноўлены. Тым не менш у раёне Целяхан захаваўся невялікі ўчастак шляху. Агінскі канал прэтэндуе на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Таксама цікавасць выклікае унікальны помнік драўлянага дойлідства Свята-Траецкая царква 1934 г. пабудовы. У храме захоўваецца абраз XVIII стагоддзя «Маці Божая Адзігітрыя», які асабліва ўшаноўваецца вернікамі.
Сёння Целяханы ўяўляюць сабой вялікі пасёлак гарадскога тыпу з развітай лесанарыхтоўчай вытворчасцю і дрэваапрацоўчай прамысловасцю. У пасёлку функцыянуюць установы адукацыі і культуры.