Гісторыя развіцця
Першае згадванне, як маёнткі князя Глеба Пронскага, ставіцца да пачатку XVI стагоддзя. Пасля смерці князя (1513) маёнтак перайшоў у валоданне яго ўдавы, а ў 1533 годзе — да яго сыноў Андрэю і Фрыдэрыку (Фрыдрыху).
У 1550 годзе Камай згадваюцца як мястэчка, якое згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) увайшло ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Пасля смерці Ф. Пронскага (1555) уладальнікам селішча ў 1572 годзе стаў яго сын Аляксандр Пронскі. Ён прадаў Камай Тамашу Рудамiну-Дусяцкаму. У 1592 годзе Камаямі валодаў Ян Рудамiн-Дусяцкi, які ў 1603—1606 гадах пабудаваў тут мураваны храм Яна Хрысціцеля.
Захаваўся інвентар маёнтка Камаі Ашмянскага павета за 1611 год, які быў надрукаваны ў Літве на мове арыгінала ў складанцы дакументаў «Інвентары Літвы XVII ст.» (Вільнюс, 1962).
З 1643 года пры касцёле існаваў шпіталь на 5 мужчынаў і 13 жанчын. У 1673 годзе храм Яна Хрысціцеля быў адбудаваны пасля пажару.
З 1722 года Камай знаходзіліся ў валоданні Сулiстроўскiх.
У 1795 годзе Камай увайшлі ў склад Расійскай імперыі, дзе з'яўляліся цэнтрам воласці Віленскага, пазней Свянцянскага павета.
У 1847 годзе габрэйская грамада мястэчка Камай налічвала 199 чалавек.
Напачатку 1880-х гадоў у Камаях дзеялі касцёл, габрэйская малітоўная школа, шпіталь, працавалі 4 крамы, карчма, бровар, млын, праводзіліся 8 рэгулярных кірмашоў.
У 1886 годзе тут было 28 двароў, валасная ўправа, касцёл, багадзельня, школа, 4 крамы, карчма, 7 рэгулярных кірмашоў.
У 1896 у мястэчку Камай налічвалася 312 жыхароў (243 беларусаў, 4 татары, 65 габрэяў).
У 1905 годзе ў маёнтку Камай (Чаховіча) налічвалася 63 жыхароў (28 мужчынаў; 33 жанчын), у мястэчку Камай - 431 жыхароў (188 мужчынаў і 243 жанчын). Дзеяла народная вучэльня, працавалі крама і паштовае аддзяленне.
У 1909 годзе - 35 двароў.
Пра баявыя дзеянні ў гады Першай сусветнай часопіс «Выведнік» (№ 1334 ад 31 мая 1916 г.) паведамляе наступнае: «15 мая. Эскадра нашых самалётаў бамбавала непрыяцельскую электрычную станцыю ў м. Камай (паўночна-заходней воз. Нарач)».
17 лістапада 1916 г. быў падараваны Георгіеўскі крыж 1-й ст. № 8620 фел. подпр. 16-й роты Лейб-гвардыі Праабражэнскага палка Руфіму Казіміраву Тарасевічу, выхадцу Віленскай губерні Свянцянскага павета Камайскай гм. Тым самым, Тарасевіч Р.К. стаў поўным Георгіеўскім кавалерам (ГК 4-га арт. № 481090, ГК 3-га арт. № 140746, пра ГК 2-га арт. звесткі адсутнічаюць).
Падчас нямецкай акупацыі ў 1941—1944 гадах габрэйскае насельніцтва вёскі было перасунута ў гета ў Кабыльніку і знішчана.
Літоўскія вайскоўцы з Камай рабілі набегі беларускія вёскі і рабавалі жыхароў. 20 снежня 1943 года старшыня Кабыльнiкскай воласці дакладаў:
«Спадару начальніку раёна ў Мядзеле. Дакладаю, што на тэрыторыі воласці Кабыльнік часта прыбываюць літоўскія атрады вермахта з Камай і Канстанцiнава (Літва) і несправядліва адбіраюць ля насельніцтва гэтай воласці сельскагаспадарчыя прадукты без распісак. Вопіс адабраных у лістападзе і снежні 1943 г. сельскагаспадарчых прадуктаў прыкладаю».
У 1945 годзе ў мястэчку Камай быў адкрыты механічны млын.
У 1971 годзе ў Камаях было 164 двары, працавалі сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка, шпіталь, аптэка, млын, швацкая майстэрня, пошта, страўня.
Турыстычны патэнцыял
Касцёл Св. Яна Хрысціцеля (1603-1606) - помнік абароннага дойлідства.
Каменны крыж XV—XVI стагоддзяў. Знаходзіцца крыж у самым цэнтры селішча ў 30 метрах ад касцёла Яна Хрысціцеля. Крыж вялікіх памераў: вышыня 2, 5 м, шырыня да 0,7 м, таўшчыня 0,6 м. У ім ёсць трохкутная ніша. Пад ёй знаходзяцца чатыры шэрагі ледзь заўважных знакаў. Ніжэй іх высечана кола дыяметрам каля 9 см, пад якім ёсць знак у выглядзе парасона. Над нішай захаваліся літары і лічбы «R 1803». На паўночным боку крыжа ніжэй папярэчынай захавалася літара Ў. Высечаны крыж з вялікага валуна ружовага граніту рапакiвi, які, напэўна, быў прынесены сюды 20-17 тыс. гадоў таму са Скандынавіі. Наконт даты ўзвядзення крыжа ёсць некалькі версій. У томе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць» сцвярджаецца, што высечаны ён у XV—XVI стагоддзях. Аўтары артыкула «Гэтыя дзіўныя камяні Пастаўшчыны» у кнізе «Памяць. Пастаўскі раён» схіляюцца да версіі, што крыж быў пастаўлены падчас будавання храма ў 1603—1606 гг. Краязнаўцы І. Зямчонак і Я. Драўніцкі прымяркоўваюць узвядзенне крыжа да 200-годдзя будавання касцёла (1803 г.) Але, пэўна што, крыж усё-такі створаны значна раней XIX стагоддзя, бо вельмі архаічна выглядае ён поруч з касцёлам і ў параўнанні з падобнымі помнікамі таго часу.
Брацкая магіла савецкіх ваяроў і партызан (1953).
Старыя габрэйскія могілкі.
Помнік землякам (1967).