Гісторыя развіцця
Паводле дадзеных археалагічных раскопак першыя паселішчы на месцы сучаснага Светлагорска з'явіліся яшчэ ў VI-VII стст. З XIII стагоддзя паселішча існавала пастаянна. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Светлагорск згадваецца ў 1560 г. як маёнтак Шацілінскі Востраў, які на той момант быў часткай Вялікага княства Літоўскага. Назва Шацілкі (менавіта так да 1961 г. называўся Светлагорск) паходзіць ад прозвішча Шаціла - гаспадароў маёнтка.
У 1793 г. у выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай Шацілкі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Да пачатку ХХ стагоддзя колькасць насельніцтва мястэчка складала каля 700 жыхароў. У 1915 г. праз горад была пракладзена чыгунка і пабудавана станцыя. У 1918 г. Шацілкі былі акупаваны нямецкімі войскамі, а ўжо з 1 студзеня 1919 г. увайшлі ў склад абвешчанай БССР.
Штуршком да развіцця мястэчка паслужыла будаўніцтва ў Шацілках Васілевіцкай ДРЭС у 1954-1958 гг. а таксама выяўленнем недалёка ад пасёлка радовішчаў нафты. 29 ліпеня 1961 г. Шацілкі былі пераназваны ў Светлагорск, пасёлка быў прысвоены статус горада.
Сёння Светлагорск - гэта буйны і сучасны раённы цэнтр з развітай прамысловай вытворчасцю. У горадзе таксама функцыянуюць шматлікія адукацыйныя, культурныя і спартыўныя ўстановы.
Турыстычны патэнцыял
Наведаць Светлагорск можна па дарозе ў Гомель, Бабруйск або Рэчыцу, а таксама падчас адпачынку ў санаторыі Сярэбраныя ключы, які знаходзіцца недалёка ад горада.
У самым Светлагорску цікавасць уяўляе мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, экспазіцыя якога знаёміць наведвальнікаў з прыродай і экалогіяй раёна, дадзенымі археалогіі і этнаграфіі, ахоплівае перыяд Вялікай Айчыннай вайны, а таксама распавядае пра развіццё прамысловага, сацыяльна-эканамічнага станаўлення раёна на сучасным этапе, закранае Савецкі перыяд, раскрывае тэму воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У самым цэнтры горада размяшчаецца карцінная галерэя «Традыцыя» ім. Г. Пранішнікава, дзе экспануюцца творы вядомых мастакоў не толькі з Беларусі, але і з краін далёкага і блізкага замежжа.