Экспазіцыя складаецца з 2-х частак: мемарыяльнай і літаратурнай. Мемарыяльная частка прадстаўлена тыповай сялянскай сядзібай, у якой жылі брат паэта з сям`ёй. Сам Якуб Колас у Смольні практычна не жыў, але перыядычна тут з`яўляўся. Сюды паэт прыязджаў у 1911 - 1914, 1940, 1947-1956 гадах, а ў жніўні 1912 г. тут адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы, якія былі не толькі калегамі ў творчасці, але яшчэ і сябрамі. Сядзіба складаецца з гаспадарчых збудаванняў, сялянскага дома, у якім сабрана экспазіцыя прадметаў побыту. Аб памятнай сустрэчы паэтаў нагадваюць старыя ліпы, пасаджаныя імі.
Недалёка ад сядзібы размешчаны літаратурны музей Якуба Коласа. У літаратурнай частцы змешчаны архіўныя дакументы, фатаграфіі, аўтабіяграфічныя матэрыялы, аўтографы твораў паэта, асабістыя рэчы і мэбля паэта пасляваеннай пары, матэрыялы пра сустрэчу Я. Коласа і Я. Купалы, фатаграфіі.