У 1930 г. царква была зачынена і доўгі час заставалася безгаспадарнай. Увосень 1940 г. будынак стаў выкарыстоўвацца пад склад солі.
Увесну 1941 г. царква ператварылася ў воданапорную вежу: у царкоўнай зале на драўляных апорах усталявалі бочку на 5 м3, у якую з артэзіянскай свідравіны запампоўвалі ваду.
У 1942 Петрыкаўскія падпольшчыкі выкарыстоўвалі царкву для захоўвання ўлётак і радыёпрымача.
У пасляваенныя гады царква доўгі час заставалася закінутай. У 70-я гг. у ёй дзейнічаў піўны бар, а ў 80-я гг. - дзіцячае кафэ "Марожанае". Прысутнасць апошніх у сценах храма пакінула след у выглядзе драўлянай абіўкі ўнутраных сцен.
У 1991 г. пачынаецца аднаўленне царквы, якое працягвалася да 1999 г. За гэты час у храме быў усталяваны новы двух'ярусны іканастас, абнавіліся купалы, з'явіліся новыя іконы, сярод якіх напісаныя і ахвяраваныя мясцовым мастаком І.П. Перажко іконы Свяціцеля Мікалая і Спаса Нерукатворнага. Па перыметры царкоўнага двара створана трывалая ажурная агароджа, добраўпарадкавана тэрыторыя.