Бліжэй да вуліцы Замкавай можна было ўбачыць гандлёвыя крамы, дзе прадавалі дробную ежу. Там жа дзякуючы актыўным продажам квітнела булачная, уладальнікам якой быў турак. На процілеглым боку пляца, можна было паслабіцца ў корчмах (пасля рэвалюцыі іх знеслі, а замест іх пабудавалі будынак чыгуначнага НКУС). Непадалёку ўзвялі будынак прыгараднага вакзала, платформы якога былі драўлянымі. У 1920-е гады яго прызначэнне змянілі і сталі круціць там кінастужкі.
Не было такога часу, каб Прывакзальная плошча пуставала. Тут заўсёды было шматлюдна – ад пасажыраў да вандроўных артыстаў. Цыгане спявалі і скакалі, а кітайцы паказвалі фокусы і дэманстравалі цуды спрыту. Хлапчукі даймалі мінакоў просьбамі набыць якую-небудзь дробязь, а фурманы палохалі людзей гучнымі крыкамі «збочся!». Аднак уначы гуд суціхаў і царыла поўная цішыня.