У 1756 - 1763 гадах на месцы ранейшых драўляных пабудоў базыліянінаў на сродкі памерлага Карсака будуецца каменны манастыр з царквой, якую на першым этапе майстравалі па праекце архітэктара Іягана Крыштофа Глаубіца. Пасля яго замяніў кракаўскі дойлід Ян Дідэрштэйн. У 60-х гадах ХVІІІ стагоддзя канчаткова сфармаваўся архітэктурны комплекс, які ўключаў у сябе царкву з зімовай капліцай, жылы двухпавярховы корпус, гаспадарчыя пабудовы, сад. Усё гэта было абнесена каменнай агароджай з брамай.
Заняпад мясціны базыліянінаў пачаўся ў 1839 годзе, пасля Полацкага сабора, які згуртаваў уніятаў з праваслаўнымі. Праваслаўны мужчынскі манастыр праіснаваў у Беразвеччы трыццаць два гады (1842 - 1874). Затым, ужо напачатку XX стагоддзя, яго змяніў жаночы праваслаўны манастыр са школай на 35 выхаванак. У 1919 годзе праваслаўная царква перайшла да каталікоў і была асветлена як касцёл у імя Святых апосталаў Пятра і Паўла, а манастыр быў прыстасаваны для месцавання палка польскіх памежных войскаў.
З 1939 па 1941 гадах тут знаходзіліся сталінскія засценкі: НКУС ўтрымоўваў ў манастыры каля 2 тысяч палітвязняў. Не абыйшлі мясціну трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, калі ў гэтых сценах у верасні 1941 года гітлераўцы ўладкавалі лагер масавага знішчэння савецкіх ваеннапалонных, так званы шталаг № 351. Ён праіснаваў да ліпеня 1944 года.
Касцёл, пашкоджаны ў Другую сусветную вайну, у 1970 годзе быў падарваны. Сёння ў будынку комплексу былога базыльянскага манастыра знаходзіцца выпраўленчая калонія.
У 2004 годзе сінодам Беларускай праваслаўнай царквы было прынята рашэнне адрадзіць Беразвечскі жаночы манастыр у гонар Архістратыга Божага Міхаіла ў Глыбокім. У тым жа годзе сем сясцёр з ігуменней Анфісай з Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра прыбылі ў Беразвеччы. У 2006 г. быў узведзены храм у гонар свяціцеля Ціхана Задонскага, дзе цяпер моляцца манашкі Беразвечскага манастыра.