Да дня 80-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы (1962 г.) парк быў перайменаваны і стаў называцца Купалаўскім, бо менавіта тут перад вайной жыла сям'я паэта. Да 90-годдзя песняра (1972 г.) была праведзена рэканструкцыя парка і створаны мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці паэта. Яго аўтары - беларускія скульптары: А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі; архітэктары - Ю. Градаў, Л. Левін.
У парку ў адзіным ансамблі зліліся разам беларуская прырода, так любімая паэтам, фантан «Вянок», літаратурны музей Янкі Купалы і помнік паэту.