Бабруйскі мастацкі музей
музеі
Апісанне
Бабруйскі мастацкі музей быў заснаваны на базе ўстановы культуры "Выставачная зала г. Бабруйска" 27 ліпеня 2009 г. Урачыстае адкрыццё музея для наведвальнікаў праходзіла пасля рэканструкцыі памяшкання 30 ліпеня 2012 года. На дадзены момант музей мае 2 памяшкання: мастацкую галерэю па вул. М. Горкага, 28 і выставачную залу па вул. Сацыялістычнай, 100.
Музей ставіць сваёй першапачатковай задачай захаванне для будучага пакалення твораў прафесійных мастакоў, чыё жыццё і творчасць былі звязаны з Бабруйскім краем. Галоўнай экспазіцыяй на сённяшні дзень з'яўляецца выстава твораў бабруйскіх мастакоў. На пачатак 2012 г. колькасць адзінак захоўвання асноўнага фонду - 500. Самай каштоўнай калекцыяй у музеі лічыцца сучасная мастацкая кераміка, эстампы Г. Г. Паплаўскага, камяні і мінералы. З 2003 года ўстанова ўдзельнічае ў штогадовых міжнародных пленэрах па кераміцы "Арт-Жыжаль" у Бабруйску.
Экспазіцыі
Творчасць мастакоў Бабруйска
У калекцыі "Графіка" сабраны творы Народнага мастака Рэспублікі Беларусь Георгія Паплаўскага, Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Людвіга Асецкага, акварэлі Леаніда Марчанкі, Сямёна Абрамава, ілюстрацыі Юрыя Нікіфарава, якая адлюстроўвае гісторыю Бабруйска акварэльна , Уладзіміра Самачарнава, пастэлі Жаны Будэйка.
У калекцыі "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" прадстаўлены габелены Людмілы Пуцейка, батыкі Ірыны Куставай, пано са скуры Таццяны Карчажкінай.
У калекцыю "Жывапіс" увайшлі творы мастакоў г.Бабруйска перыяду другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Гэта сталыя майстры, якія сваёй творчасцю фармавалі культуру горада, маральную і духоўную атмасферу свайго часу: В.М. Рубцоў, Э.А. Белагураў, А.І. Рабкін, Л.П. Асецкі, А.А. Канцуб, А.А. Ясюкайт, А.У. Самачарнаў. У калекцыю ўвайшлі таксама творы маладых мастакоў, чые жыццё і творчасць звязаны з Бабруйскам, і творчасць якіх заняла дастойнае месца ў сучасным выяўленчым мастацтве Беларусі: В.А. Канцадайлаў, А.Я. Захарэвіч, А.П. Махніст, Н.Л. Марчанка.
Калекцыя "Кераміка" адлюстроўвае асаблівасці развіцця мастацтва сучаснай мастацкай керамікі, стварае цэласнае ўяўленне аб Міжнародных пленэрах па кераміцы "Арт-Жыжаль", якія штогод праходзяць у Бабруйску з 2003 года. Удзельнікамі пленэраў сталі мастакі з Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Турцыі, Украіны, Францыі. Лепшыя работы, выкананыя на пленэрах, знаходзяцца ў зборы Бабруйскага мастацкага музея, які з'яўляецца адным з яго арганізатараў.
Калекцыя "Фотадакументы" прадстаўлена працамі вядомага беларускага фатографа Коктыша Яўгена Фаміча. Яго серыя фотаработ “Народны мастак Рэспублікі Беларусь Г.Р. Паплаўскі: жыццё і творчасць», ахоплівае перыяд з 1976 па 2012 гг. і ўнікальная сюжэтамі, непаўторнасцю зафіксаваных фактаў з жыцця Г.Г. Паплаўскага. Коктыш Я.Ф. – легенда беларускай фотажурналістыкі, быў блізка знаёмы з вядомымі прадстаўнікамі культурнай эліты. Больш за 20 гадоў прапрацаваў спецыяльным карэспандэнтам АПН у Беларусі, дзякуючы чаму яго здымкі разыходзіліся па СМІ больш як у 120 краінах.
Жывапіс Зямлі
Калекцыя ўзораў мінералаў і горных парод была перададзена ў дар гораду ў 2010г. геолагаразведчыкам Віталём Мікалаевічам Сакаловым, які збіраў яе на працягу 50-ці гадоў. Уяўляе сабой найкаштоўнейшыя ўзоры Падмаскоўнага басейна, Урала, Сібіры, Чукоцкага паўвострава, Алтая, Камчаткі, Кольскага паўвострава, Прымор'я, Прыбайкалля, Карэліі, Башкартастана, Якуціі, Дагестана, Казахстана, Каўказа, Азербайджана, Беларусі, Украіны, Грузіі, Туркменістана.
Калекцыя з'яўляецца другой па велічыні ў Рэспубліцы Беларусь пасля музея землязнаўства геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На аснове калекцыі супрацоўнікамі музея была створана ўнікальная пастаянная музейная экспазіцыя "Жывапіс зямлі", якая была адкрыта для наведвальнікаў у чэрвені 2014г.
Графік працы
Адміністрацыя 09.00 - 18.00 выхадныя субота, нядзеля
Каса 10.00 - 19.00 выхадныя панядзелак, аўторак
Экспазіцыі 10.00 - 19.00 выхадныя панядзелак, аўторак
На мапе
Адрас
213809, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. М. Горкага, 28
Каардынаты