Арыгіналы і копіі розных дакументаў распавядаюць пра гады навучання ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства, аб удзеле ў творчых конкурсах, выстаўках, аб атрыманні ганаровых званняў і ўзнагарод. У музеі захоўваюцца медаль, якім была адзначана карціна «Зімовы сон» на выстаўцы ў Барселоне; ордэны СССР, а таксама дыпломы, віншавальныя адрасы, падпісаныя вядомымі майстрамі выяўленчага мастацтва; выданні, прысвечаныя творчасці Бялыніцкага-Бірулі. Сярод экспанатаў мемарыяльнага раздзела знаходзяцца працы мастакоў – блізкіх сяброў В.К. Бялыніцкага-Бірулі: партрэт маці мастака А.Р. Бялыніцкай-Біруля, напісаны ў 1894 годзе Н.П. Ульянавым; партрэты В.К. Бялыніцкага-Бірулі, выкананыя А.У. Марававым (1908), М.М. Зайцавым (1922), Ф.А. Мадоравым (1950); краявіды, якія адлюстравалі хату-майстэрню «Чайка» і наваколлі возера Удомля. Другі паверх музея цалкам займаюць творы В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Больш за пяцьдзясят палотнаў, скончаных карцін і маленькіх эцюдаў, размешчаных у светлых прасторных залах, даюць поўнае ўяўленне пра творчасць выбітнага жывапісца, выдатнага майстра лірычнага пейзажа.
Карані мастацтва Бялыніцкага-Бірулі ляжаць, безумоўна, у прыродзе роднай Беларусі. У 1912 г. Вітольд Каятанавіч набыў надзел зямлі ў Цверскай губерні на беразе возера Удомля і пабудаваў дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў «Чайка». З «Чайкай» звязана вялікая частка творчага і асабістага жыцця майстра. Менавіта тут былі створаныя шматлікія вядомыя палотны жывапісца, у тым ліку і яго вядомая карціна «Час цішыні. Возера Удомля» (1911).
Значную частку экспазіцыі займаюць творы, створаныя ў савецкі час. У 20-я і 30-я гады, захоплены тым новым, што адбываецца вакол, Бялыніцкі-Біруля шмат ездзіць па краіне. Яго цікавяць першыя вопыты рэканструкцыі сельскай гаспадаркі ў саўгасе «Гігант» і камуне «Сейбіт», будаўніцтва «Азоўсталі», ператварэнні Поўначы. Тройчы – у 1933, 1935 і 1937 гг. – ён пабываў у Запаляр’і. Аб гэтых паездках сведчаць карціны, прадстаўленыя ў экспазіцыі. У экспазіцыі знаходзяцца палотны «Блакітнай вясной» (1942), «Вясновая цішыня» (1943), карціны з адлюстраваннем помнікаў рускага драўлянага дойлідства – «Дзевяціглавая драўляная царква», «Вёска Зачацце», «Ратанавалок. Старая царква», «Млын на Паўночнай Дзвіне» (усе – 1944).
В.К. Бялыніцкі-Біруля – адзін са стваральнікаў жанру мемарыяльнага краявіду. У яго працах – малюнакі памятных месцаў, звязаных з жыццём вядомых дзеячаў рускай гісторыі і культуры Л.М. Талстога, А.С. Пушкіна, П.І. Чайкоўскага і інш. У музеі гэты бок творчасці мастака прадстаўлены карцінамі, прысвечанымі пушкінскім месцам – «Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны», «Святогорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна», «Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць» (усе – 1936), «Восеньскія дні. Трыгорскае. Рака Сораць» (1952).
1947 год быў асабліва значным у творчай біяграфіі В.К. Бялыніцкага-Бірулі: яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў пасля 1944 г.), яго абралі сапраўдным членам Акадэміі мастацтваў СССР. Важнай падзеяй года быў прыезд Вітольда Каятанавіча ў Беларусь упершыню за шмат гадоў. З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў на Белым лецішчы ў наваколлях Мінска. Тут ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія сталі асновай цыклу карцін, прысвечаных Беларусі. Менавіта тут, у наваколлях Мінска, быў знойдзены матыў для карціны «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна». Гэтае палатно – адно з цэнтральных у экспазыцыі.
Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля да канца свайго жыцця нястомна працаваў. Сярод самых апошніх палотнаў у музеі экспануецца «Апошні снег. Чайка» (1950), «Лён зацвёў» (1950–1951), «Прыйшла вясна» (1951), «Вечар ранняй вясны» (1954), «Бярозкі» (1955). У мансардзе музея размешчана выставачная зала. У ёй пастаянна адбываюцца выстаўкі твораў выяўленчага мастацтва з фондаў НММ РБ, Саюза мастакоў Беларусі, выставы дзіцячай творчасці. Мастацка-мемарыяльны музей дае поўнае ўяўленне пра жыццё і творчасць Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі, натхнёнага мастака, вялікага працаўніка, сына зямлі беларускай.
З 15 красавіка 2013 г. Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі зачынены на капітальны рамонт, пасля завяршэння якога будзе праведзена рээкспазіцыя. У абноўленым музеі плануецца захаваць экспазіцыйны рад, які прадстаўляе мастацкую спадчыну майстра, а таксама пакінуць мемарыяльны раздзел. Разам з тым экспазіцыйная прастора будзе пераасэнсавана: будзе зроблены акцэнт на інтэрактыўнасці і новых музейных тэхналогіях.