Гісторыя развіцця
Першае згадванне Чашнікаў датуецца 1504 г.. У 1564 г. падчас Лівонскай вайны 1558 - 1583 гг. паблізу Чашнікаў адбылася бітва на Ўлле, у выніку якой быў спынены наступ маскоўскага войска. У 1567 г. ў Чашніках на беразе Ўллы быў пабудаваны драўляны замак (праіснаваў да XVIII ст.). У 1580 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый прымаў тут пасла Івана Грознага. У сярэдзіне XVII ст. ў Чашніках быў заснаваны манастыр дамініканцаў. Дзякуючы выгоднаму геаграфічнаму размяшчэнню ў XVIII ст. ў мястэчку развівалася рачное суднаходства: пабудаваны прыстань, майстэрні па пабудове гандлёвых судоў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1792 г. Чашнікі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1812 г. пад Чашнікамі адбылася бітва паміж французскімі і расійскімі войскамі. Пасля падаўлення вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. у 1832 г. расійскія ўлады зачынілі манастыр дамініканцаў. У 1843 — 1845 гг. у населеным пункце была пабудавана праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква. У 1886 гг. ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка.
1 студзеня 1919 г. Чашнікі ўвайшлі ў склад БССР, аднак 16 студзеня гэтага ж года населены пункт, разам іншымі тэрыторыямі ўсходняй Беларусі, быў перададзены РСФСР. 17 ліпеня 1924 г. Чашнікі вярнулі ў склад БССР, а ўжо ў 1925 г. пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Чашнікі. 27 верасня 1938 г. Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з 5 ліпеня 1941 па 27 чэрвеня 1944 гг. Чашнікі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. 7 лютага 1966 г. пасёлак атрымаў афіцыйны статус горада. 20 студзеня 2006 г. быў зацверджаны герб горада.
Турыстычны патэнцыял
Нягледзячы на багатую гісторыю горада, у Чашніках захавалася мала значных гістарычных славутасцяў. Галоўнай славутасцю горада з'яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, якая была пабудавана ў 1845 г. Да 1832 г. насупраць цяперашняй царквы стаялі дамініканскі касцёл і манастыр марыявітак.
У Чашніках захавалася гістарычная забудова XIX-XX стст., да якой адносяць хату купца Гурэвіча, свячную краму, гандлёвыя шэрагі, яўэрэйскія могілкі, папяровую фабрыку «Чырвоная зорка».
У Чашніцкім гістарычным музеі сабраны знаходкі археолагаў, прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны і экспанаты, злучаныя з гісторыяй Чашнікаў.