Гісторыя развіцця
Гісторыя Ляскавіч вядомая з XVI ст., калі ён быў сялом у Мазырскім павеце Вялікага княства Літоўскага. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Ляскавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, як і ўся тэрыторыя Беларусі. З розніцай у 100 гадоў гаспадарамі паселішча былі Хадкевічы і Кіневічы, у тыя часы Ляскавічы былі адасобленым непрыкметным паселішчам, дзе з канца XIX ст. дзейнічала школа, бровар і рачная прыстань. З 1911 г., пасля ўвядзення земстваў на тэрыторыі Беларусі, Ляскавічы атрымліваюць статус мястэчка, а ў савецкі час знаходзіцца ў складзе Мазырскага павета.
У час Вялікай Айчыннай вайны частка вёскі была спалена нямецкімі захопнікамі, больш за 100 яе жыхароў загінулі на фронце.
Сучасная гісторыя Ляскавіч цесна звязана з утварэннем Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», які ў 1996 г. быў створаны з Прыпяцкага дзяржаўнага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка. Годам раней пры запаведніку было створана эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы». Стаўшы адміністрацыйным цэнтрам нацыянальнага парку Ляскавічы чакала сапраўднае адраджэнне. Развіццё сельскай, лясной гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, будаўніцтва жылых і адміністрацыйных комплексаў, рачнога канала з шпацырамі на цеплаходзе правялі да таго, што вёска Ляскавічы атрымала статус аграгарадка ў 2006 г.
Турыстычны патэнцыял
Сёння аграгарадок Ляскавічы - цэнтр экалагічнага турызму. Дзякуючы нацыянальнаму парку «Прыпяцкі», на тэрыторыі якога ён знаходзіцца, аб Ляскавічах даведаліся не толькі ў Беларусі, але і далёкім замежжы. Тут спалучаецца ўнікальнае прыроднае багацце і выдатны сэрвіс. Некранутая прырода і водныя прасторы поймы ракі Прыпяць па праву можна лічыць нацыянальным здабыткам. Штогод турысты з краін Еўропы прыязджаюць сюды, каб дакрануцца да свету дзікай прыроды. Пойма Прыпяці – найбуйнейшае міграцыйнае рэчышча пералётных птушак у Еўропе, а адпаведна, гэта рай для арнітолагаў. На тэрыторыі парку жыве каля 250 відаў птушак, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Супрацоўнікамі парку распрацаваны экалагічныя сцежкі, фотасафары і нават прагулкі на цеплаходзе. У 2012 г. у аг.Ляскавічы адбылося афіцыйнае адкрыццё Музея Прыроды, які лічыцца найбуйнейшым музеем падобнага роду ў Рэспубліцы, ён пазнаёміць наведвальнікаў з унікальнымі палескімі ландшафтамі і раскажа пра традыцыі жыхароў Палесся.
На тэрыторыі аграгарадка побач з водным каналам у 2009 г. пабудаваны сучасны гасцінічны комплекс «Над Прыпяццю» з камфортнымі нумарамі, рэстаранам, басейнам і трэнажорнай залай, канферэнц-залай. Тут размешчана прыстань шпацырнага цеплахода.
Для гасцей, якія аддаюць перавагу адасобленасці, могуць размясціцца ў турыстычным комплексе «Дарашэвічы» на беразе ракі Прыпяць.
З 2010 г. у Ляскавічах праводзіцца фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які ўжо стаў візітнай карткай Петрыкаўскага раёна. На працягу некалькіх дзён тут гучыць народная музыка, выступаюць творчыя калектывы, працуе кірмаш палескіх рамёстваў, праходзяць выставы-прэзентацыі, конкурсы падворкаў і нацыянальнай кухні, а таксама вясёлыя забавы.