Гісторыя развіцця
Датай заснавання горада лічыцца 1898 г. Узнікненне і развіццё Ганцавіч звязана з будаўніцтвам чыгункі Баранавічы-Ганцавічы-Лунінец, якая пралягла праз невялікую вёску ў 1884 годзе. З'яўленне чыгункі спрыяла развіццю мястэчка. У Ганцавічах пачали працу лесаперапрацоўчыя прадпрыемствы, выраблялася аконнае і люстраное шкло.
У лістападзе 1917 г. у Ганцавічах была ўсталяваная Савецкая ўлада, але ўжо ў 1918 г. тэрыторыя раёна была акупаваная нямецкімі войскамі. Па выніках Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. паміж РСФСР і Польшчай Ганцавічы, як частка Заходняй Беларусі, увайшлі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, дзе знаходзіліся да 1939 г. Восенню 1939 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, а 15 студзеня 1940 г. быў створаны Ганцавіцкі раён.
Вялікія страты Ганцавіцкаму краю нанесла Вялікая Айчынная вайна. Нямецкая акупацыя працягвалася доўгіх чатыры гады - з 1941 г. па 1945 г. За гэты час у раёне фашыстамі было знішчана каля 9000 чалавек. Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ганцавічы былі вызваленыя ў ноч з 7 на 8 ліпеня 1944 г. У пасляваенны час вядзецца актыўнае будаўніцтва, аднаўляецца сельская гаспадарка і прамысловасць Ганцавіцкага раёна.
Турыстычны патэнцыял
Паколькі Ганцавічы даволі малады горад - ён не можа пахваліцца багатай культурнай спадчынай. Будучы ў Ганцавічах Вы можаце ўбачыць Благавешчанскі касцёл, збудаваны ў 1990 г. у неагатычным стылі, а таксама Свята-Ціханоўскую царкву - пяцікупальны цагляны храм са званіцай, збудаваны ў традыцыях старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Таксама цікавасць уяўляе раённы краязнаўчы музей экспазіцыя якога распавядае пра старажытную гісторыю краю.
Сёння Ганцавічы - гэта сучасны горад, у якім функцыянуюць розныя прадпрыемсты, адукацыйныя, спартыўныя і культурныя ўстановы такія як Гарадскі Дом Культуры і Дом рамёстваў.