З гісторыі: вуніяцкая Клецкая царква ўпершыню згадваецца ў інвентары горада за 1626: «... перад горадам на арыне другая царква, закладзеная Узнясенню Гасподняму». У той час Узнясенская царква знаходзілася не зусім у горадзе, а стаяла ля ўезда ў Клецк з боку Нясвіжа на высокім узгорку. Гэта месцазнаходжанне спрыяла з`яўленню ў храма простай назвы - Арынская царква, якую пазней сталі зваць як Ірынінская царква (ад св. Ірыны). У 1774 г. Ёзэф Радзівіл вылучыў Узнясенскай царквы значную суму грошай. На іх намаганнямі прыходу быў пабудаваны сапраўды грандыёзны храм. Па апісаннях пачатку XIX ст. Узнясенская царква мела 5 купалаў (цэнтральны і 4 малых), была вышынёю ў 12 сажань і мела ў плане форму правільнага крыжа, памерамі 38х38 аршын. Такі будынак мог змясціць да 1500 чалавек. Царква славілася абразом Найсвяцейшай Багародзіцы, да якога збіралася мноства паломнікаў, асабліва на свята Ушэсця Гасподняга, а таксама на святы Успення, Покрыва і Нараджэння Багародзіцы. Гэтая ікона была перанесена ў Клецк з Нясвіжскага езуіцкага касцёла архангела Міхаіла, які апынуўся закінутым пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 г. Каля храма таксама з`явіліся могілкі, якія сталі, і да гэтага часу з`яўляюцца, галоўнымі могілкамі горада Клецка.
У 1875 годзе ўніяцкая Узнясенская царква цалкам спыніла сваё існаванне, нават як гістарычны культурны аб`ект. На месцы старога храма быў узведзены новы - у рэтраспектыўна-рускім стылі. Цяпер гэта Пакроўская праваслаўная царква.