Прадаўгаваты ўзгорак, з'яўляецца помнікам археалогіі эпохі ранняга феадалізму. Дата будаўніцтва II-IV ст., абнаўленні XI-XIII ст. Некаторыя даследнікі лічаць, што менавіта тут знаходзілася легендарная Варута - летапісны горад Міндоўга. Замак у Варуце лічыўся месцам адпачынку Міндоўга, першага князя літоўскага.
Можа, і праўда ўзгорак, умацаванні, роў, захаваныя ўязныя вароты і знойдзеныя калісьці пры раскопках аскепкі керамікі пакінуты літвінамі? Можа, і звінелі на гэтай зямлі мячы ў далёкім 1252 годзе, калі князь абараняў ад ворагаў сэрца сваёй Літвы?
Адным з першых Варуту побач з Гарадзішчам змясціў вядомы савецкі гісторык Уладзімір Пашута, паставіўшы на карце пытанне. Акадэмік сумняваўся, бо ад Літвы «аўкштоцкай» да «наваградскай» было вельмі далёка. Шмат супернікаў у гэтай тэорыі, шмат і абаронцаў. Апошнія прыводзяць некалькі аргументаў «за»: не так далёка ад Сервечы працякае рэчка Рута, ды і вёска Рутка ёсць на Наваградскай зямлі. А раптам менавіта ад іх і пайшла назва Варута – «ішоў у Руту»? На самой жа рацэ Рута стаяць сучасныя Карэлічы (Гродзенская вобласць), дзе таксама ёсць гарадзішча...
Старонка гэтай цікавай гісторыі яшчэ не дапісана, не завершана. Магчыма, калі-небудзь узгорак у гарадским мястэчку Гарадзішча адкрые сваю таямніцу і дазволіцца адна з самых дзіўных загадак беларускай гісторыі.