У час Вялікай айчыннай вайны пасёлак Бягомль з'яўляўся часткай Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. У снежні 1941 года тут пачаў дзейнічаць партызанскі атрад «Рамана», які неўзабаве перарос у партызанскую брыгаду «Жалязняк». У снежні 1942 года ў Бягомлі быў разгромлены буйны варожы гарнізон. У выніку пасёлак перарос у цэнтр партызанскага руху на Бягомльшчыне.
На выездзе ў бок Докшыцаў, на скрыжаванні дарог Мінск-Полацк і Глыбокае-Барысаў усталяваны помнік партызанскай славы. Мемарыяльная таблічка абвяшчае: «Тут у 1942-1944 гадах дзейнічаў партызанскі аэрадром, праз які падтрымлівалася сувязь з «Вялікай зямлёй», адсюль пачала свой баявы шлях група арганізатараў партызанскага руху ў Літве». Помнік у 1967 годзе адчыняў Пётр Машэраў, які адзначыў уклад Бягомльскіх партызан у агульную барацьбу супраць фашыстаў.