Ансамбль францысканскага манастыра складаўся з касцёла, жылога корпуса, гаспадарчых пабудоў, брамы-званіцы. Касцёл трохнефны, з паўцыркульнай апсідай і санкрыстыямі па баках. Інтэр”ер мае цыліндрычныя зборы, над уваходам размяшчаюцца хоры, дзе раней месцаваўся арган а 12 галасах. Ад двухпавярховага манастырскага П-вобразнага корпуса (манастыр улады зачынілі ў 1851 годзе) захавалася толькі адно крыло. Астатнія пабудовы разабралі ў 1882 годзе. У другой палове XIX стагоддзя поруч касцёла была збудавана двух”ярусная брама-званіца ў формах класіцызму.
1 ліпеня 2000 года касцёл быў вернуты францысканцам. Цяпер гэта манастыр Бязгрэшнай Панны Марыі, які ў сваёй дзейнасці працягвае ідэю і традыцыі заснавальніка руху Рыцарства Бязгрэшнай Панны Марыі Максіміліяна Кальбе. Ён прыняў пакутніцкую смерць ад рук гітлераўцаў у Асвенцыме і пасля вайны быў кананізаваны; помнік яму пастаўлены на тэрыторыі манастыра.
Каталіцкая царква ў постаці Папы Пія IX прыняла дагмат Бязгрэшнага Зачацця Панны Марыі ў 1854 годзе. Праз чатыры гады пасля прыняцця дагмату Бязгрэшнага Зачацця, у 1858 годзе, у Лурде, у гроце ў крыніцы, здарылася з”ява Божай Маці дзяўчынцы Бернадэце. Богамаці абвясціла сябе «Бязгрэшным Зачаццем». Пра гэты эпізод распавядае адзін з сюжэтаў мясцовай батлейки.