Па ініцыятыве магната і вяльможа Вялікага княства Літоўскага Яна Кішка ў 1581 годзе ў Любчы на насыпным пагорку плошчай каля 0.7 га быў пабудаваны замак. Усе яго будынкі, за выключэннем адной каменнай вежы на ўездзе, былі драўлянымі. Тэрыторыя замка з трох бакоў была акрэслена ровам глыбінёй да 10 м, з чацвёртага ж боку яго абгароджвалі воды Нёмана.
У канцы XVI стагоддзя Мікалай Радзівіл стаў новым уладальнікам замка. Князь вырашыў яго перабудаваць: з”явіліся тры каменныя вежы і каменныя ўнутраныя пабудовы. Гэта дазволіла ператварыць замак у паўнавартасную абарончую крэпасць.
У сярэдзіне XVII стагоддзя гаспадаром Любчанскага замка стаў таленавіты палкаводзец, Вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл, які праславіўся падчас вайны з казакамі Багдана Хмяльніцкага ў 1648-1651 гадах. Аднак войскі гетмана Івана Залатарэнка у 1655 годзе захапілі і спалілі Любчанскі замак, разбурыўшы 2 вежы. Пасля гэтага ён назаўсёды страціў сваё значэнне і як ваеннае ўмацаванне, і як адна з рэзідэнцый Радзівілаў.
З тых часоў замак неаднаразова мяняў уладальнікаў. У XIX стагоддзі былі знесены апошнія ўнутраныя пабудовы. Замест іх, побач з двума захаваўшымiся вежамі, быў узведзены двухпавярховы палац у стылі англійскай неаготыкі.
Да нашых дзён з чатырох вежаў, складзеных з цэглы і валуноў, захаваліся толькі дзве. У 1964 годзе пры школе, размешчанай у будынке замка, быў арганізаваны краязнаўчы музей.