Ратуша ўваходзіць у двухпавярховы будынак, складаецца з шасці ярусаў і завяршаецца ў выглядзе кантаванага купала з галоўкай. На вежы размяшчаўся гадзіннік, звон і назіральная пляцоўка. Узроўні ярусаў і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаныя драўлянымі прыступкамі. Ад уваходу аднамаршавая лесвіца вяла на другі паверх - у вялікую залу пасяджэнняў магістрата. У ратушы размяшчаўся кабінет бургамістра, захоўвалася гарадская казна, праходзілі пасяджэнні магістрата, тэатральныя паказы, захоўваліся гарадскія шалі і «мерныя бочкі».
Падчас Паўночнай вайны ратуша гарэла, яе адбудавалі ў 1752 г. Вялікі пажар 1836г. нанёс непапраўную шкоду пабудове , пацярпелі памяшканні другога паверха. Вежа паменшылася з шасці да чатырох ярусаў. З канца XIX стагоддзя і да 1939 г. тут знаходзіліся гарадская Ратуша і гарадская Дума, павятовае староства, паліцэйская і гарадская ўправы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў ратушы размясціўся раённы Дом культуры, пазней - Дом піянераў і школьнікаў, дзіцячая бібліятэка.
З 1997 па 2004 гг. на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя працы. У выніку фасады будынка набылі сваё першапачатковае аблічча, адноўлены верхнія ярусы вежы, вежу ўпрыгожылі гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка, інтэр'еры 2-га паверха рэканструяваны пад музейную экспазіцыю «Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII – першай паловы XIX стст.», на 1-м паверсе працуе рэстаран.