Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

музеі
+20 фота

Апісанне

Тып

Літаратурны

Выставачныя экспазіцыі

8

Экспазіцыі

Нараджэнне будучага паэта, яго дзіцячыя і юнацкія гады. Гісторыя шляхецкага роду Луцэвічаў. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (літаратурны псеўданім – Янка Купала) нарадзіўся 7 ліпеня (25 чэрвеня па старым стылі) 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павету Віленскай губерніі.
Бацькі Яся – Бянігна Іванаўна і Дамінік Ануфрыевіч Луцэвічы – належалі да дробнай засцянковай шляхты, пабраліся шлюбам у 1879 годзе, усё жыццё арандавалі памешчыцкія землі. Родныя сёстры паэта, сваякі па лініі маці з роду Валасевічаў. Вучоба ў вандроўнага настаўніка, у Сенніцкай народнай школе, у народным вучылішчы. Знаёмства з Зыгмундам Чаховічам. Кнігі з кола чытання Яся Луцэвіча і яго першыя вершы на польскай мове ў варшаўскім часопісе «Зярно» (1903-1904). Асяроддзе Яся Луцэвіча: пісьменнік Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), грамадскі і тэатральны дзеяч Алесь Бурбіс, публіцыст і крытык Уладзімір Самойла. Рукапіс першага верша на беларускай мове «Мая доля» (1904).

Пачатак літаратурнай дзейнасці, першы паэтычны зборнік «Жалейка». Публікацыя ў газеце «Северо-Западный край» ад 15 мая 1905 года верша «Мужык», падпісанага псеўданімам «Я.Купала», – першае выступленне паэта ў друку. Абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, пашырэнне нацыянальнага друку. Першыя легальныя грамадска-палітычныя і культурна-асветніцкія газеты на беларускай мове «Наша Доля» і «Наша Ніва». З 1907 года ў газеце «Наша Ніва» друкуюцца творы Янкі Купалы. Выданні суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першы паэтычны зборнік Янкі Купалы «Жалейка», выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1908 годзе выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца». У зборніку, што выйшаў тыражом 4300 экзэмпляраў, змешчана 96 твораў. Зборнік «Жалейка» – цэласная кніга лірыкі, найперш дум і перажыванняў, якія выказаны ад імя беларуса.
Сустрэчы і акружэнне маладога паэта першага дзесяцігоддзя ХХ ст. у Вільні. Праца ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва». Фотаздымкі і творы паплечнікаў Янкі Купалы, пісьменнікаў Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Палуяна.

Лагойшчына – творчая калыска песняра. Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці. Вучоба Янкі Купалы на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах Аляксандра Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, актыўны ўдзел у рабоце Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, асабістае знаёмства з патрыярхам беларускага адраджэння, прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, мовазнаўцам, выдаўцом Браніславам Ігнатавічам Эпімах-Шыпілам. Знаёмства і сяброўства з рускім паэтам, перакладчыкам Апалонам Карынфскім.
Мемарыяльная частка – інтэр’ер пакоя, дзе жыў Янка Купала ў Санкт-Пецярбургу ў 1909-1913 гг.

Янка Купала – рэдактар газеты «Наша ніва». Уладзіслава Францаўна Луцэвіч – жонка паэта, стваральнік і першы дырэктар музея Янкі Купалы. Сустрэча Янкі Купалы з Якубам Коласам на хутары Смольня ў ліпені 1912 года. Праца адказным сакратаром у Беларускім выдавецкім таварыстве. Янка Купала прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці тагачаснай Вільні. Знаёмства і сустрэчы з рускімі пісьменнікамі Валерыем Брусавым (перакладаў вершы Янкі Купалы на рускую мову), Канстанцінам Бальмонтам, літоўскімі дзеячамі культуры Людасам Гірам, Стасісам Шымкусам, Мікалоюсам Чурлёнісам. Вучоба ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага, слухач гісторыка-філасофскага цыкла (верасень 1915 г.–студзень 1916 г.).
Комплекс матэрыялаў, прысвечаных Уладзіславе Францаўне Луцэвіч – жонцы паэта, стваральніку і першаму дырэктару музея Янкі Купалы.
Макет сцэнічнага афармлення спектакля «Паўлінка» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Янка Купала-драматург. Стваральнік нацыянальнага тэатра. Сцэнічнае жыццё яго твораў. Янка Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай драматургіі. Яго творчасць паўплывала на развіццё і росквіт беларускага прафесійнага і аматарскага сцэнічнага мастацтва. Драматычныя паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня» (1908), «Сон на кургане» (1910), «На папасе» (1913) былі яго першай спробай у драматургіі. У 1912 годзе ў Акопах Янка Купала напісаў п’есу «Паўлінка». Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, сакавітым народным гумарам.
У экспазіцыі залы змешчаны фотаздымкі сцэн са спектакляў, праграмы, афішы пастановак п’ес Янкі Купалы «Сон на кургане», «Адвечная песня», «Тутэйшыя», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» ў апошнія гады.

Літаратурная і культурна-грамадская дзейнасць Янкі Купалы ў 1917-1930 гг. Ідэя незалежнасці Беларусі ў творчасці паэта. Жыццё Янкі Купалы ў 1917–1918 гг. у Смаленску, асяроддзе паэта. Смаленскі цыкл вершаў, прасякнуты роздумам пра лёс Бацькаўшчыны. Падзеі лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый, стварэнне БНР, водгук паэта на гэтыя падзеі. Публіцыстыка Янкі Купалы на старонках газеты «Беларусь». Паэтычная канцэпцыя незалежнасці Беларусі ў вершы «Паўстань» (1919).
Грамадская дзейнасць Янкі Купалы: удзельнічае ў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, з’яўляецца сапраўдным членам Беларускай акадэміі навук, старшынёй камітэта навуковых працаўнікоў і пісьменнікаў БССР па абароне Беларускай сялянска-рабочай грамады, бярэ ўдзел у рабоце VІІ з’езда Саветаў БССР з правам рашаючага голаса.
Макет дома Янкі Купалы па адрасе: вул. Кастрычніцкай, 40, дзе з 1927 г. па 1941 г. жыў паэт з сям’ёй.

30-ыя гг. ХХ ст. і Вялікая Айчынная вайна ў жыцці і творчасці паэта. Паездкі па Беларусі. Паэма «Над ракой Арэсай» (1933). Наведванне Чэхаславакіі. І з’езд ССП СССР, сустрэчы з Максімам Горкім і інш. савецкімі пісьменнікамі. Ляўкоўскі цыкл вершаў. Ляўкі (Віцебская вобл., Аршанскі р-н) – мясціна, дзе знаходзілася дача паэта з 1926 года па 1941 год. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» (1978) – філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Падзеі 1930-га года, рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі і ў прыватнасці да Янкі Купалы. Спроба самагубства, ліст пісьменніка да старшыні ЦВК БССР і СССР Алеся Чарвякова.
Жыццёвыя шляхі пісьменніка ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Ляўкі – Масква – Клязьма – Чарнарэцкае лясніцтва – Пячышчы – Казань – Масква.
Апошні прытулак Янкі Купалы ў гасцініцы «Масква» (чэрвень 1942 года). Трагічная і загадкавая смерць паэта 28 чэрвеня 1942 года ў гасцініцы «Масква». Фрагменты інтэр’ера гасцініцы «Масква» і пакоя № 414, у якім Янка Купала правёў апошнія хвіліны свайго жыцця: дзверы пакоя № 414, міжпакаёвыя дзверы і акно, парэнчы і прыступкі лесвіцы 10-га паверха. Пастамент, у якім да 1962 года ў калумбарыі Ваганькаўскіх могілак у Маскве захоўвалася ўрна з прахам паэта, якая зараз пахавана на Вайсковых могілках у Мінску.
Мемарыяльная частка – інтэр’ер гасцёўні дома паэта па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 40.

Рэканструкцыя кабінета Янкі Купалы. Адлюстраванне творчасці Янкі Купалы ў музычным і выяўленчым мастацтве. Унікальныя памятныя выданні твораў паэта, у тым ліку на замежных мовах, сувенірная прадукцыя музея.Кабінет Янкі Купалы ў доме па вуліцы Кастрычніцкай адноўлены па фотаздымках і ўспамінах сучаснікаў. Сярод прадметаў інтэр’ера – аналагі: ружжо з пяром, падобнае на тое, што падаравалі паэту рабочыя завода «Камунар», статуэтка А. Пушкіна, менавіта такую ж уручылі пісьменніку ў 1937 годзе ў Ленінградзе, калі адзначалася 100-годдзе смерці рускага паэта. Асабістыя рэчы Янкі Купалы. Фотаздымкі дома паэта па вуліцы Кастрычніцкай, самога пісьменніка, зробленыя ў 1936–1941 гг., дазваляюць аднавіць тагачасную атмасферу, прадставіць асяроддзе паэта.

Графік працы

Адміністрацыя 10:00 - 17:30 выхадныя нядзеля

Каса 10:00 - 17:30 выхадныя нядзеля

Экспазіцыі 10:00 - 17:30 выхадныя нядзеля

Індывідуальныя і карпаратыўныя экскурсіі - Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

На мапе

Адрас

220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Янкі Купалы, 4

Жадаеце ўсталяваць PWA