ekskursii.by

Беларускі экскурсійны партал

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Замовіць экскурсію

Тып: Літаратурны Выставачныя экспазіцыі: 8 Размяшчэнне: Мінск, Мiнская вобласць

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы быў створаны 19 мая 1944 г. пры Акадэміі навук БССР і да 1962 г. уваходзіў у яе сістэму. Першым дырэктарам музея 31 чэрвеня 1944 г. была прызначана Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры БССР. Навукова-даследчая дзейнасць музея, пачынаючы з 1945 г., была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. У 1944 г. для патрэб музея быў адведзены трэці паверх Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23. Тут 20 верасня 1945 г. была адкрыта выстаўка аб жыцці і творчасці Янкі Купалы, якая дазволіла пазнаёміць першых наведвальнікаў са спадчынай паэта. Супрацоўнікі музея імкнуліся найхутчэй ажыццявіць сваю асноўную мэту – стварыць пастаянную экспазіцыю музея. Усё ўскладанялася тым, што дом Янкі Купалы згарэў у першыя дні вайны (чэрвень 1941 г.), а разам з ім загінулі багаты архіў і бібліятэка паэта. У часы вайны загінуў і той архіў Янкі Купалы, які ён перадаў дзяржаўнай бібліятэцы ў даваенныя гады. Летам 1949 г. была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб пераводзе музея Янкі Купалы ў асобны будынак па вул. Энгельса, 27. Пасля рамонту ў гэтым будынку ў маі 1951 г. была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала тыя нешматлікія матэрыялы, якія былі сабраныя падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Яны дазволілі адлюстраваць толькі дзве асноўныя тэмы ў творчасці Янкі Купалы: “Янка Купала – паэт і драматург” і “Янка Купала ў выяўленчым мастацтве”. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 4 жніўня 1945 г. было вырашана пабудаваць асобны будынак для музея Янкі Купалы. Аднак, толькі ў 1956 г. будаўніцтва музея было ўключана ў генеральны план забудовы г. Мінска. 9 лістапада 1959 г. Літаратурны музей Янкі Купалы пераехаў у спецыяльна пабудаваны для яго будынак па вуліцы Янкі Купалы. У новым будынку была створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта. Яна праіснавала да пачатку 1970-х гг. У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 г. музей Янкі Купалы перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР. У 1973 г. супрацоўнікі музея пачалі працу над новым экспазіцыйным праектам, адметнай рысай якога стала тое, што ў экспазіцыі , акрамя літаратурнай часткі, прадугледжвалася значная мемарыяльная: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасцёўня і кабінет ў доме паэта ў Мінску, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і інш. Новая экспазіцыя была створана за два гады. 5 мая 1976 г. яна была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў. У 1990-я гг. праведзена мадэрнізацыя экспазіцыі, адлюстравана жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920-1930 гг. У 2007 г., да 125-годдзя паэта, былі адноўлены залы, прысвечаныя тэмам: “Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці” і “Пецярбургскі перыяд ў жыцці паэта”.

У склад Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы уваходзяць чатыры філіяла: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Вязынка", Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Ляўкі", літаратурны музей "Акопы", літаратурны музей "Яхімоўшчына".

Фота - Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

    Экспазіцыі - Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

    1. Нараджэнне будучага паэта, яго дзіцячыя і юнацкія гады. Гісторыя шляхецкага роду Луцэвічаў. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (літаратурны псеўданім – Янка Купала) нарадзіўся 7 ліпеня (25 чэрвеня па старым стылі) 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павету Віленскай губерніі.
      Бацькі Яся – Бянігна Іванаўна і Дамінік Ануфрыевіч Луцэвічы – належалі да дробнай засцянковай шляхты, пабраліся шлюбам у 1879 годзе, усё жыццё арандавалі памешчыцкія землі. Родныя сёстры паэта, сваякі па лініі маці з роду Валасевічаў. Вучоба ў вандроўнага настаўніка, у Сенніцкай народнай школе, у народным вучылішчы. Знаёмства з Зыгмундам Чаховічам. Кнігі з кола чытання Яся Луцэвіча і яго першыя вершы на польскай мове ў варшаўскім часопісе «Зярно» (1903-1904). Асяроддзе Яся Луцэвіча: пісьменнік Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), грамадскі і тэатральны дзеяч Алесь Бурбіс, публіцыст і крытык Уладзімір Самойла. Рукапіс першага верша на беларускай мове «Мая доля» (1904).
    2. Пачатак літаратурнай дзейнасці, першы паэтычны зборнік «Жалейка». Публікацыя ў газеце «Северо-Западный край» ад 15 мая 1905 года верша «Мужык», падпісанага псеўданімам «Я.Купала», – першае выступленне паэта ў друку. Абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, пашырэнне нацыянальнага друку. Першыя легальныя грамадска-палітычныя і культурна-асветніцкія газеты на беларускай мове «Наша Доля» і «Наша Ніва». З 1907 года ў газеце «Наша Ніва» друкуюцца творы Янкі Купалы. Выданні суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першы паэтычны зборнік Янкі Купалы «Жалейка», выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1908 годзе выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца». У зборніку, што выйшаў тыражом 4300 экзэмпляраў, змешчана 96 твораў. Зборнік «Жалейка» – цэласная кніга лірыкі, найперш дум і перажыванняў, якія выказаны ад імя беларуса.
      Сустрэчы і акружэнне маладога паэта першага дзесяцігоддзя ХХ ст. у Вільні. Праца ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва». Фотаздымкі і творы паплечнікаў Янкі Купалы, пісьменнікаў Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Палуяна.
    3. Лагойшчына – творчая калыска песняра. Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці. Вучоба Янкі Купалы на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах Аляксандра Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, актыўны ўдзел у рабоце Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, асабістае знаёмства з патрыярхам беларускага адраджэння, прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, мовазнаўцам, выдаўцом Браніславам Ігнатавічам Эпімах-Шыпілам. Знаёмства і сяброўства з рускім паэтам, перакладчыкам Апалонам Карынфскім.
      Мемарыяльная частка – інтэр’ер пакоя, дзе жыў Янка Купала ў Санкт-Пецярбургу ў 1909-1913 гг.
    4. Янка Купала – рэдактар газеты «Наша ніва». Уладзіслава Францаўна Луцэвіч – жонка паэта, стваральнік і першы дырэктар музея Янкі Купалы. Сустрэча Янкі Купалы з Якубам Коласам на хутары Смольня ў ліпені 1912 года. Праца адказным сакратаром у Беларускім выдавецкім таварыстве. Янка Купала прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці тагачаснай Вільні. Знаёмства і сустрэчы з рускімі пісьменнікамі Валерыем Брусавым (перакладаў вершы Янкі Купалы на рускую мову), Канстанцінам Бальмонтам, літоўскімі дзеячамі культуры Людасам Гірам, Стасісам Шымкусам, Мікалоюсам Чурлёнісам. Вучоба ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага, слухач гісторыка-філасофскага цыкла (верасень 1915 г.–студзень 1916 г.).
      Комплекс матэрыялаў, прысвечаных Уладзіславе Францаўне Луцэвіч – жонцы паэта, стваральніку і першаму дырэктару музея Янкі Купалы.
      Макет сцэнічнага афармлення спектакля «Паўлінка» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
    5. Янка Купала-драматург. Стваральнік нацыянальнага тэатра. Сцэнічнае жыццё яго твораў. Янка Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай драматургіі. Яго творчасць паўплывала на развіццё і росквіт беларускага прафесійнага і аматарскага сцэнічнага мастацтва. Драматычныя паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня» (1908), «Сон на кургане» (1910), «На папасе» (1913) былі яго першай спробай у драматургіі. У 1912 годзе ў Акопах Янка Купала напісаў п’есу «Паўлінка». Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, сакавітым народным гумарам.
      У экспазіцыі залы змешчаны фотаздымкі сцэн са спектакляў, праграмы, афішы пастановак п’ес Янкі Купалы «Сон на кургане», «Адвечная песня», «Тутэйшыя», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» ў апошнія гады.
    6. Літаратурная і культурна-грамадская дзейнасць Янкі Купалы ў 1917-1930 гг. Ідэя незалежнасці Беларусі ў творчасці паэта. Жыццё Янкі Купалы ў 1917–1918 гг. у Смаленску, асяроддзе паэта. Смаленскі цыкл вершаў, прасякнуты роздумам пра лёс Бацькаўшчыны. Падзеі лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый, стварэнне БНР, водгук паэта на гэтыя падзеі. Публіцыстыка Янкі Купалы на старонках газеты «Беларусь». Паэтычная канцэпцыя незалежнасці Беларусі ў вершы «Паўстань» (1919).
      Грамадская дзейнасць Янкі Купалы: удзельнічае ў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, з’яўляецца сапраўдным членам Беларускай акадэміі навук, старшынёй камітэта навуковых працаўнікоў і пісьменнікаў БССР па абароне Беларускай сялянска-рабочай грамады, бярэ ўдзел у рабоце VІІ з’езда Саветаў БССР з правам рашаючага голаса.
      Макет дома Янкі Купалы па адрасе: вул. Кастрычніцкай, 40, дзе з 1927 г. па 1941 г. жыў паэт з сям’ёй.
    7. 30-ыя гг. ХХ ст. і Вялікая Айчынная вайна ў жыцці і творчасці паэта. Паездкі па Беларусі. Паэма «Над ракой Арэсай» (1933). Наведванне Чэхаславакіі. І з’езд ССП СССР, сустрэчы з Максімам Горкім і інш. савецкімі пісьменнікамі. Ляўкоўскі цыкл вершаў. Ляўкі (Віцебская вобл., Аршанскі р-н) – мясціна, дзе знаходзілася дача паэта з 1926 года па 1941 год. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» (1978) – філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
      Падзеі 1930-га года, рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі і ў прыватнасці да Янкі Купалы. Спроба самагубства, ліст пісьменніка да старшыні ЦВК БССР і СССР Алеся Чарвякова.
      Жыццёвыя шляхі пісьменніка ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Ляўкі – Масква – Клязьма – Чарнарэцкае лясніцтва – Пячышчы – Казань – Масква.
      Апошні прытулак Янкі Купалы ў гасцініцы «Масква» (чэрвень 1942 года). Трагічная і загадкавая смерць паэта 28 чэрвеня 1942 года ў гасцініцы «Масква». Фрагменты інтэр’ера гасцініцы «Масква» і пакоя № 414, у якім Янка Купала правёў апошнія хвіліны свайго жыцця: дзверы пакоя № 414, міжпакаёвыя дзверы і акно, парэнчы і прыступкі лесвіцы 10-га паверха. Пастамент, у якім да 1962 года ў калумбарыі Ваганькаўскіх могілак у Маскве захоўвалася ўрна з прахам паэта, якая зараз пахавана на Вайсковых могілках у Мінску.
      Мемарыяльная частка – інтэр’ер гасцёўні дома паэта па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 40.
    8. Рэканструкцыя кабінета Янкі Купалы. Адлюстраванне творчасці Янкі Купалы ў музычным і выяўленчым мастацтве. Унікальныя памятныя выданні твораў паэта, у тым ліку на замежных мовах, сувенірная прадукцыя музея.Кабінет Янкі Купалы ў доме па вуліцы Кастрычніцкай адноўлены па фотаздымках і ўспамінах сучаснікаў. Сярод прадметаў інтэр’ера – аналагі: ружжо з пяром, падобнае на тое, што падаравалі паэту рабочыя завода «Камунар», статуэтка А. Пушкіна, менавіта такую ж уручылі пісьменніку ў 1937 годзе ў Ленінградзе, калі адзначалася 100-годдзе смерці рускага паэта. Асабістыя рэчы Янкі Купалы. Фотаздымкі дома паэта па вуліцы Кастрычніцкай, самога пісьменніка, зробленыя ў 1936–1941 гг., дазваляюць аднавіць тагачасную атмасферу, прадставіць асяроддзе паэта.

    Графік працы Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

    Размяшчэнне на карце - Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

    Адрас 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Янкі Купалы, 4 GPS Google: 53.90623′ N, 53.90623′ E