Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

ЗНАКАВЫЯ МЕСЦЫ
Хуткая навігацыя

Апісанне

Тып

Літаратурны

Выставачныя экспазіцыі

5

Установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” заснавана 6 лістапада 1987 года па загаду Міністэрства культуры БССР. Музей размясціўся ў некалькіх будынках Троецкага прадмесця ў Мінску, плошчы якіх падчас правядзення рамонту былі прыстасаваны пад музейныя памяшканні. Для наведвальнікаў музей быў адкрыты ў 1991 годзе. За гады існавання музеем створана шэсць філіялаў. З іх у 2007 годзе на падставе Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2007 года № 1713 і загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 2007 года № 302 адбылася перадача з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна двух філіялаў – Гісторыка-літаратурнага музея ў в.Гарадок і Музейнага комплекса ў Плябані. У 2010 годзе на падставе Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.07.2010 № 1071 і загада Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 27.10.2010 № 152 Літаратурны музей Максіма Гарэцкага перададзены ў камунальную ўласнасць Мсціслаўскага райвыканкама.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры размешчаны у 17 музейных будынках, з іх 2 – помнікі архітэктуры. Дэманстрацыйная плошча залаў складае 1396 м2 (разам з філіяламі) і размяшчае 3 пастаянных экспазіцый і 4 перасоўных выставак: “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы…” (В. Дунін-Марцінкевіч); - “Быў. Ёсць. Буду…” (У. Караткевіч); “Шляхамі Францішка Багушэвіча”; “Максім Танк. Гартаючы жыцця свайго старонкі…”. Агульная колькасць музейных прадметаў на 01.01.2013 складае 52 267 адзінак, з іх асноўнага фонду - 46 806 адзінак, навукова-дапаможнага - 5 461 адзінка. На 1 студзеня 2013 года ў падпарадкаванні музея знаходзяцца тры філіялы: Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” (в. Завоссе, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобл.); Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны” (в. Кушляны, Смаргонскі раён, Гродзенская вобл.); Літаратурны музей Кузьмы Чорнага (в. Цімкавічы, Капыльскі р-н, Мінская вобл.). Пачынаючы з 2012 года вядзецца праца па стварэнню яшчэ аднаго філіяла – Музея-дачы Васіля Быкава ў д.п. Ждановічы Мінскага раёна Мінскай вобл., адкрыццё якога запланавана на чэрвень 2014 года (да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка). Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з’яўляецца буйнейшым літаратурным музеем краіны, займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу на Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце. Асноўнымі мэтамі музея з’яўляюцца выяўленне, камплектаванне, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыя гісторыка-літаратурнай спадчыны Беларусі, музейных прадметаў з пісьменніцкіх архіваў, нерухомых і рухомых культурных каштоўнасцей, выкарыстанне іх для інтэлектуальнага і культурнага развіцця грамадства.

Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”. Завоссе- вядомае ў краіне і далёка за яе межамі месца, тут нарадзіўся і пакінуў сваё сэрца адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва Адам Міцкевіч. Пры набліжэнні юбілея Адама Міцкевіча паводле ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 580 "Аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння паэта Адама Міцкевіча" прынята рашэнне аб рэканструцыі сядзібы ў Завоссі і стварэнні музея. За аснову быў узяты малюнак Э.Паўловіча, мастака з Навагрудка, які ён зрабіў летам 1843 года. 8 верасня 1998 года адкрыўся музей, які прадстаўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ ст. Драўляныя будынкі, пакрытыя чаротам, у цэнтры аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіронак (лямус), далей абора, гумно, лазня каля стаўка, студня-жураў і інш. Сама сядзіба размешчана ў нізіне паабапал палёў, толькі з аднаго боку ўзвышаецца вялізная гара Жарнова, якую Міцкевіч упамінае ў паэмах. У аснову экспазіцыі пакладзена паэма "Пан Тадэвуш". З ганку заходзім ў сені. Сені дзеляць, як звычайна ў такіх дамах, сядзібу на дзве паловы, адна для паноў, другая – для чэлядзі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой – сталовую. З гэтага пакою адны дзверы вядуць у гасцёўню, другія – да спальні. За спальняй есць яшчэ малы пакойчык і аптэчка. У другой палове дома месцілася абслуга, а побач з ёй камора для запасаў. Кухня і пограбня выходзілі на агарод. Вялікую цікавасць уяўляе двухпавярховы свіронак. Унізе знаходзяцца розныя гаспадарчыя прылады і прыстасаванні, у тым ліку: жорны, бочкі для квашэння агуркоў і капусты, кубельцы для сала, засекі для збожжа, вагі і шмат іншага. На версе – летняя хата, пакойчык Адама ў летнія часы, калі прыязжаў на спатканне з Марыляй. На падлозе тут, як і ў тыя часы, ляжыць скура мядзведзя, стаяць ложак, стол, дарожны куфэрак і іншыя рэчы.

Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”. З 1990 года ў Кушлянах адчынены Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф.Багушэвіча. Захавалася хата паэта 1896 году пабудовы і каменная абора. Захаваўся стары парк на сядзібе. Сядзіба і сёння дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX ст. У хаце экспануюцца рэчы, якія праменяць Багушэвічавай энергетыкай: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы, родавыя медальёны сям’і Багушэвічаў, гісторыя якіх сягае аж у XVIII ст. Гэтыя медальёны ахоўвалі род Багушэвічаў на працягу стагоддзяў ад хваробаў і няшчасцяў. У каменнай аборы месціцца выстава прылад працы і прадметаў побыту беларускага сялянства канца XIX ст. – пачатку XX ст. Непадалёку ад сядзібы наведвальнікаў сустракае Лысая гара, дзе, па легендах, некалі існавала языцкае капішча.

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Нарадзіўся Мікалай Раманоўскі ў маёнтку Борні Слуцкага павета, куды яго бацькі паехалі з Цімкавіч парабкаваць да пана Эдварда Вайніловіча. Музей пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы, пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы, заслужанай настаўніцы школ БССР З.І.Раманенка. Спачатку быў ён школьным, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага і створана новая эскпазіцыя. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага – празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста. Канвой мастацкага афармлення залаў сталі малюнкі самога пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай экспазіцыі і дапамагаюць эмацыянальна раскрыць свет перажыванняў аўтара. У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы. Музей з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі ў рамках праграмы "Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго", "Наша спадчына", "Музей і дзеці", сустрэчы з пісьменнікамі, акцыі з работнікамі МНС, ДАІ, чыгункі, настаяцелем царквы Мікалая Чудатворца, вечарыны, выставы беларускіх пісьменнікаў, музейныя святы. Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага для дарослых і вучняў старэйшых класаў з 1997 года пры музеі працуе студыя аматараў тэатра "Іскрынка". Яе ўдзельнікамі пастаўлены інсцэніраваныя апавяданні Кузьмы Чорнага "Маё дзела цялячае", "Родныя мясціны", артыкул "У роднай глушы", п’еса "Базылевічава сям’я", аповесць "Насцечка". Для выхаванцаў дзіцячага сада, малодшых і сярэдніх класаў працуе з 2003 года тэатр фланелеграфіі "Скарбонка прыгажосці". Наведвальнікі музея пасля экскурсіі могуць па жаданню паглядзець адну з гэтых пастановак у відэазапісе.

Навукова-даследчая дзейнасць музея - гэта вывучэнне музейных прадметаў, музейных калекцый, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і музеязнаўчыя даследаванні; распрацоўка кірункаў навуковай дзейнасці і канцэпцыі развіцця музея, даследаванне яго гісторыі, навуковае праектаванне экспазіцый выставак, распрацоўка форм і метадаў культурна-адукацыйнай дзейнасці, правядзенне сацыялагічнага вывучэння музейнай аудыторыі і інш. З 1991 года штогод праводзяцца Гарэцкія чытанні, вынікам якіх з’яўляецца выданне навуковых зборнікаў. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі падрыхтаваны тэматычны каталог “Пісьменнікі Беларусі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” (2005) і інш.

З культурна-адукацыйных мерапрыемстваў праходзіць цыкл музейна-педагагічных заняткаў "Ля вытокаў фальклорна-этнаграфічнай спадчыны беларусаў". "Як хлеб да нас на стол прыйшоў" (2-4 кл.) - занятак праходзіць у форме казкі-гульні. Дзеці маюць магчымасць убачыць этнаграфічныя матэрыялы, пазнаёміцца з земляробчымі прыладамі (каса, серп, цэп і інш.) і працэсам вырабу хлеба. Хлопчыкі паспрабуюць сябе ў ролі "касцоў", а дзяўчынкі на некаторы час стануць "жнеямі". "Беларуская цацка" (2-4 кл.) - занятак знаёміць з беларускай традыцыйнай цацкай, з музычнымі інструментамі, якімі таксама гуляліся дзеці, далучае да вусна-паэтычнай творчасці народа. "Ехала Каляда ў вазочку" (3-4 кл.) - занятак знаёміць з абрадам калядавання на Беларусі. "Гуканне вясны" (3-4 кл.) - занятак знаёміць са старажытным каляндарна-абрадавым святам сустрэчы вясны. "Фэсцік. Гулянне ў народным стылі" (2-4 кл.) - уяўляе сабой музычнае мерапрыемства ў народным стылі з гульнямі і конкурсамі. Распавядае пра беларускі кірмаш, дае ўяўленне пра музычны гурт. Фэст уключае традыцыйныя беларускія гульні, якія рыхтавалі дзяцей да працы дарослых: "Садзі лянок", "Касцы і жнеі". "Беларускае вяселле" (8-11 кл.) - занятак у інтэрактыўнай форме знаёміць з традыцыямі святкавання вяселля на Беларусі. Музейна-педагагічныя заняткі праводзяцца ў навучальных установах па папярэдніх заяўках.

Акрамя педагагічных заняткаў у музеі праводзяцца лекцыі па рознай тэматыке. Старажытная літаратура: Беларуская міфалогія (5-7 кл.); Ад пісьма да кнігі (5-7 кл.); Старонкі літаратуры Сярэднявечча (8-11 кл.); Літаратура эпохі Адраджэння на Беларусі (10-11 кл.); Гуманізм і патрыятычны пафас паэмы Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра" (8-11 кл.); Біблія Францыска Скарыны і яе вытокі (9-11 кл.). Новая беларуская літаратура (ХІХ ст.): Сцежкамі вялікага паэта (Творчасць Адама Міцкевіча ў кантэксце гісторыі беларускай літаратуры) (9-11 кл.); Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Літаратурная і тэатральная дзейнасць (9-11 кл.); Францішак Багушэвіч – пачынальнік беларускага нацыянальнага адраджэння (9-11 кл.). Сучасная беларуская літаратура (ХХ ст.): Покліч (літаратурны працэс на Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст.) (9-11 кл.); Кандрат Крапіва. Пра сябе і свой час (9-11 кл.); Трывожнае шчасце пісьменніка (І.Шамякін) (8-11 кл.); Васіль Быкаў. Жыццё і творчасць (9-11 кл.); Уладзімір Караткевіч. "Быў. Ёсць. Буду." (9-11 кл.). Лекцыі па беларускай сімволіцы: Семантыка ў ткацтве (7-9 кл.); Наш народны касцюм (7-11 кл.). Лекцыі праводзяцца ў навучальных установах па папярэдніх заяўках.

Наведвальнікі музея і філіялаў могуць набыць буклеты, паштоўкі, закладкі, магніты, кнігі, дыскі і інш.
 

Экспазіцыі

археалагічныя знаходкі (XІ – XVII стст.).

старадрукі музейная калекцыя XVII – XVIІI стст.

матэрыялы аб дзейнасці літаратурных аб’яднанняў 20-30-х гадоў ХХ ст. – "Маладняк", "Узвышша", "Полымя", "БелАПП"; матэрыялы з персанальных архіваў вядомых беларускіх пісьменнікаў: К.Крапівы, В.Быкава, А.Адамовіча, І.Шамякіна, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Звонака, У.Караткевіча, В.Віткі, С.Новіка-Пяюна і інш.

мастацкія творы вядучых беларускіх мастакоў і скульптараў: А.Волкава, Э.Агуновіча, М.Купавы, А.Кашкурэвіча, А.Марачкіна, З.Азгура, А.Заспіцкага і інш.

этнаграфічныя матэрыялы з розных рэгіёнаў Беларусі.

Графік працы

Адміністрацыя 09:00 - 17:30 выхадныя субота, нядзеля

Каса 09:30 - 17:00 выхадныя нядзеля

Экспазіцыі 09:30 - 17:30 выхадныя нядзеля

На мапе

Адрас

220029, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13